Темы

Спартыўнае ўчора – службовае сёння

Спартыўнае ўчора – службовае сёння

Людзі даўно не падзяляюць прафесіі на мужчынскія і жаночыя. Сістэма светаўладкавання ў якой існуюць здабытчыкі і абаронцы і дамашнія гаспадыні адыйшла ў нябыт. І сёння нікога не здзіўляюць жанчыны-прафесіяналы сваё справы: будаўнікі, урачы, пілоты, кіроўцы аўтобусаў і тралейбусаў, інжынеры і навукоўцы. Што казаць, калі летась беларускай жанчыне скарыўся нават Космас. Могуць беларускі і пастаяць за сваю краіну: як у спорце, так і на ніве грамадскай бяспекі. Пра гэта дакладна ведае гераіня новага выпуску праекта “Маладыя профі” міліцыянер батальёна міліцыі Ленінскага горада Магілёва аддзела Дэпартамента аховы, сяржант міліцыі Дзіяна Пянькоўская.

Прафесійны выбар – падказка лёсу

Наша гераіня з’явілася на свет у аграгарадку Верамейкі Чэрыкаўскага раёна. Там ж пачыналі свой жыццёвы і прафесійны шлях тытулаваныя беларускія біятланісты Алег Рыжанкоў і Уладзімір Чапелін. Не паспрабаваць сябе ў спорце Дзіяна проста не магла, тым больш што яе фізічныя дадзеныя цудоўна падыходзілі для біятлону. У скарбонцы жыццёвага вопыту дзяўчыны: навучанне ў Магілёўскім дзяржаўным вучылішчы алімпійскага рэзерву, зборы і спаборніцтвы. А яшчэ – жыццёвы паварот і новая сцежка, якая і прывяла Дзіяну Пянькоўскую ў Ленінскі аддзел Дэпартамента аховы.

– З першага па сёмы клас я вучылася ў нашай вясковай школе ў аграгарадку Верамейкі, а ў восьмы клас паступіла ў вучылішча алімпійскага рэзерву. Займалася біятлонам, падавала вялікія надзеі. З дзяцінства думала, што звяжу сваё жыццё з вялікім спортам.. Але лёс распарадзіўся па-свойму: я атрымала траўму. Тады і зразумела, што трэба думаць і шукаць сябе ў іншым накірунку. У адзінаццатым класе з намі праводзілі агітацыйныя, прафарыентацыйныя сустрэчы. У вучылішча прыходзілі супрацоўнікі розных устаноў. І аднойчы такое мерапрыемства праводзіў Дэпартамент аховы. Мяне іх прэзентацыя вельмі зацікавіла.  Ды і трэба было ўжо вызначацца, заставацца ў спорце ці спрабаваць штосьці іншае, – узгадвае Дзіяна.

Да таго часу наша гераіня ўжо думала пра службу ў Міністэрстве ўнутраных спраў, бо там табе і спартыўная дысцыпліна і грамадская карысць. Тут жа само жыццё дало падказку. І Дзіяна рызыкнула ёй скарыстацца. Як зараз адзначае дзяўчына, з выбарам не прагадала.

– Служба ў міліцыі, насамрэч, шмат у чым падобная да біятлону. У гэтым спорце я з першага класа, таму дысцыпліну і рэжым засвоіла з дзяцінства. Мае спартыўныя навыкі з першага дня спатрэбіліся мне і ў службе. Як і ў біятлоне, мне даводзіцца працаваць са зброяй. Толькі ў спорце я страляла з вінтоўкі на спаборнітцвах і трэніроўках, а цяпер практыкуюся на стрэльбах. У міліцыянера, на мой погляд,  павінны быць стальныя нервы, вытрымка і ў той жа час добразычлівасць і адкрытасць. Пры выбары прафесіі я аналізавала ўсе гэтыя фактары і ў выніку вырашыла, што мне будзе камфортна.

Бацькі Дзіяны з дзяцінства звыклі, што іх дачка моцная не толькі фізічна, але і маральна. А значыць, здольная сама прыняць важнае рашэнне. І сама ж гатовая несці за яго адказнасць.

– Мае родныя людзі па жыцці заўсёды і ва ўсім мяне падтрымліваюць. І калі я рассказала, што хачу звязаць сваё прафесійнае жыццё з Дэпартаментам аховы, ніводнага слова супраць, контраргументу я не пачула. Мой выбар бацькі цалкам адобрылі, – адзначае дзяўчына.

Крок у новае жыццё

Каб засвоіць азы прафесіі міліцыянера Дзіяна Пянькоўская тры месяцы праходзіла навучанне ў вучэбным цэнтры ў Гаранях. Там тых, хто вырашыў змяніць грамадзянскую прафесію на службу ў міліцыі пагружалі ў нюансы выбранай спецыяльнасці

– Для мяне лад жыцця, да якога нас рыхтавалі, не новы. А вось многім з тых, з кім давялося разам вучыцца, даводзілася прызвычайвацца. У мяне ж складанасцяў не ўзнікала, мне ўсё было цікава. Я кожны дзень прачыналася з жаданнем даведацца новае. Там у нас праходзілі заняткі па практычнай, тактычнай і фізічнай падрыхтоўцы.

 А далей для новаспечанага міліцыянера пачаліся службовыя будні: наладжванне камунікцыі з калегамі, вывучэнне парадкаў і звычаяў. Для маладых спецыялістаў гэта заўсёды адзін з самых складаных этапаў. Ведаюць пра гэта і ў Дэпартаменце аховы, таму за дзяўчынай замацавалі вопытнага настаўніка.

– Як толькі прыйшла ў Дэпартамент аховы, вядома, былі свае нюансы, даводзілася ўлівацца ў новы калектыў. Да гэтага я ўжо паспела папрацаваць трэнерам па лыжных гонках, а гэта, усё ж такі, грамадзянская прафесія. І ў трэнерскай рабоце мне пераважна даводзілася ўзаемадзейнічаць з жанчынамі. У Дэпартаменце аховы служыць вялікая колькасць мужчын: афіцэры, сяржанцкі састаў. Усе вопытныя спецыялісты, ведаюць службу. Але і мне згубіцца не далі: для адаптацыі за мной як за маладым супрацоўнікам замацавалі настаўніка, які напрацягу шасці месяцаў дапамагаў мне, падказваў, вучыў. Насамрэч, для маладых спецыялістаў гэта вельмі важна. Так нашмат прасцей зрабіць першыя крокі ў прафесійнай дзейнасці.

Кожны працоўны дзень Дзіяны Пянькоўскай насычаны і ўнікальны, бо праца з людзьмі заўсёды рыхтуе штосьці новае, а кожная з сітуацый – не паўтараецца. Галоўная прафесійная задача паставога міліцыянера – не дапусціць пазаштатных сітуацый, зрабіць усё, каб людзі на давераным яму аб’екце маглі спакойна працаваць і быць упэўненымі, што нічога не здарыцца. Але за паўтара года службы бывалі і выпадкі, калі нашай гераіне даводзілася націскаць трывожную кнопку і выклікаць групу затрымання.

– Мой дзень пачынаецца ў 5 гадзін раніцы. Я прачынаюся, збіраюся на службу. У 6:30 ужо атрымліваю спецсродкі, зброю. Яшчэ праз паўгадзіны для ўсіх супрацоўнікаў праводзіцца інструктаж, дзе нам абазначаюць нашы тэарэтычныя і практычныя ўводныя задачы. Так адбываецца штодня, кожны з маіх калег паказвае свае веды перад афіцэрамі. У восем гадзін раніцы я павінна быць на пасту. Перад тым, як заступіць на службу, раблю абыход свайго аб’екта. Цягам дня я забяспечваю прапускны рэжым. Мой аб’ект наведваюць не толькі супрацоўнікі арганізацыі, а яшчэ і грамадзянскія людзі. Мая асноўная задача – забяспечыць ахову грамадскага парадку. У такім рэжыме працую з васьмі раніцы да васьмі вечара, калі здаю пост вартаўніку, – так сяржант міліцыі апісвае свой тыповы працоўны дзень.

Хтосьці з вас, паважаныя чытачы, слушна заўважыць: і што ж тут надзвычайнага? І мы вам адкажам – нічога. Але ў гэтым слове і хаваецца патаемны сэнс. З дня ў дзень міліцыянер на пасту павінен правяраць звычайных, непрыкметных людзей, якія наведваюць установу ці арганізацыю па асабістай ці службовай патрэбе і не маюць ніякіх нядобрых намераў. Для таго, каб аднойчы, у патрэбны момант, не дапусціць сапраўды небяспечную сітуацыю.

Несупынны рост і асабістае развіццё

У рэдакцыю “Весніка Магілёва” на інтэрв’ю Дзіяна Пянькоўская завітала ў дзень, калі ёй давялося трымаць апошні дзяржаўны экзамен. Паралельна са службай дзяўчына завочна атрымлівала вышэйшую адукацыю ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце ім. А. А. Куляшова на факультэце фізічнага выхавання.  У гэтым – рэха спартыўнага мінулага.  А жыццё ідзе, таму спыняцца на адной адукацыі наша гераіня не плануе.

– Пасля заканчэння двух курсаў вучылішча адімпійскага рэзерву у мяне і маіх таварышаў па спорце была магчымасць паступіць адразу на трэці курс МДУ ім. Куляшова і атрымаць спецыяльнасць “выкладчык фізічнай культуры”. Мы вырашылі, што такі шанец губляць нятрэба і ўсе разам сталі студэнтамі, сёлета завяршаем сваё навучанне. Аднак мне вельмі хочацца развівацца ў той прафесіі, якой я вырашыла прысвяціць сваё жыццё. Хочацца атрымліваць новыя веды, павышаць сваю кампетэнтнасць і, канешне, падымацца па кар’ернай лесвіцы. Таму ў бліжэйшы час планую яшчэ атрымаць і юрыдычную адукацыю, – падзялілася планамі Дзіяна.

Сярод важных бонусаў, якія дае маладому міліцыянеру служба ў Дэпартаменце аховы, наша гераіня вылучае наступны:  тут ствараюцца ўсе магчымасці, каб рэалізоўваць сябе не толькі ў прафесіі, а і ў грамадскім жыцці, спорце, творчасці.

–  Я маю магчымасць працягваць займацца біятлонам, падтрымліваць сваю спартыўную форму, выязджаць на зборы і ўдзельнічаць у спаборніцтвах. Таксама стараюся праяўляць свае вакальныя здольнасці, спяваю, бяру ўдзел у конкурсах. У мінулым годзе паспрабавала сябе на вялікай сцэне: прадстаўляла Магілёў на заключным этапе конкурса “Міс Дэпартамент аховы” і па яго выніках атрымала тытул “Міс артыстычнасць”.

Адзначым, што Дэпартамент аховы падарыў Дзіяне Пянькоўскай не толькі прафесію, а яшчэ і асабістае шчасце: абраннік дзяўчыны служыць ў Ленінскім аддзеле  кінолагам службы затрымання. Напрыканцы сустрэчы мы задалі нашай гераіне галоўнае пытанне: ці стаў Магілёў для чэрыкаўскай дзяўчыны родным і блізкім?

– З Магілёвам я знаёмая вельмі даўно. З ім звязаныя вельмі добрыя і цёплыя ўспаміны.  Яшчэ ў дзіцячыя гады прыязджала сюды з бабуляй на цягніку, любіла такія вандроўкі. Сёння горад прыгожы, утульны. Тут усё робіцца для людзей: будуюцца дамы, школы, бальніцы. Мне ў гэтым горадзе камфортна і… я застаюся тут.

Алёна Кухарава

Последние новости

Общество

На благоустройство города – в едином порыве: “Чистый четверг” проходит в Могилеве

6 марта 2025
Читать новость
Общество

Во Дворце культуры области прошел праздник в честь Дня женщин

6 марта 2025
Читать новость
Общество

Чувствуете? Праздник к нам приходит!

6 марта 2025
Читать новость
Безопасность

Дом без насилия: правоохранители проводят профилактические мероприятия

6 марта 2025
Читать новость
Важные

Беларусь ратифицировала договор с Россией о гарантиях безопасности. Лукашенко подписал соответствующий закон

6 марта 2025
Читать новость
Важные

Открыта регистрация на Хакатон МТС: студенты смогут предложить свои идеи для развития «интернета вещей»

6 марта 2025
Читать новость