Темы

Школы пачынаюць падрыхтоўку да новага навучальнага года. Бяспека і камфорт вучняў – у прыярытэце

Школы пачынаюць падрыхтоўку да новага навучальнага года. Бяспека і камфорт вучняў – у прыярытэце

Менш за тыдзень таму для школьнікаў Беларусі прагучалі апошнія званкі, а ўстановы адукацыі ўжо пачынаюць падрыхтоўку да наступнага навучальнага года. Касметычны рамонт памяшканняў і абнаўленне неабходнай матэрыяльна-тэхнічнай базы зведаюць усе школы горада. Шэраг навучальных устаноў таксама чакае капітальны рамонт. Бяспека і камфорт вучняў – у прыярытэце.

Школьнікі адпраўляюцца адпачываць, але жыццё ў іх другім доме не заціхае. З першых дзён канікул у школах распачынаецца падрыхтоўка да новага навучальнага года. Тры месяцы – тэрмін нямалы, але, каб дзеці першага верасня прыйшлі ў светлыя, адрамантаваныя і ўтульныя класы, пачынаць трэба загадзя.

Ужо сёння рашэннем Магілёўскага гарадскога выканаўчага камітэта створана кампетэнтная камісія з прадстаўнікоў дзяржаўнага санітарнага нагляду, тэрытарыяльных органаў па надзвычайных сітуацыях і органаў унутраных спраў, якая вызначыла ступень падрыхтаванасці школ да навучальнага года і акрэсліла недахопы. Для ліквідацыі апошніх, як, дарэчы, і для правядзення капітальных і бягучых рамонтаў, вызначаны дакладны тэрмін – 1 жніўня. Да гэтага часу кожную школу трэба давесці да ладу.

Маштабна і якасна

Як расказаў начальнік упраўлення па адукацыі Магілёўскага гарвыканкама Аляксандр Корзун, аб’ём работы на лета запланаваны вялікі.

– Рыхтавацца да наступнага навучальнага года ўстановы адукацыі пачынаюць ужо сёння. Да 1 жніўня павінны быць завершаны рамонты і ўсе работы па добраўпарадкаванні. На гэтыя мэты з бюджэта вылучана больш за 22 млн рублёў. Частка гэтых грошай прызначана для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі.

Сёлета капітальны рамонт будзе здзейснены ў васьмі ўстановах адукацыі. Таксама запланаваны бягучы рамонт даху і фасадаў у 44 установах, рамонт элементаў добраўпарадкавання – яшчэ ў 8, такую ж колькасць устаноў чакае бягучы рамонт, плануецца і абнаўленне шэрагу спартыўных аб’ектаў (бегавых дарожак і спартыўных пляцовак).

Прыярытэтныя работы будуць праводзіцца таксама і за пазабюджэтныя сродкі сіламі супрацоўнікаў устаноў адукацыі або з далучэннем падрадных арганізацый, – удакладніў Аляксандр Корзун.

Пры штогадовым абнаўленні ўстаноў адукацыі асаблівая ўвага надаецца разнастайным аспектам іх функцыянавання: развіццю матэрыяльнай базы, паляпшэнню ўмоў працы і ў першую чаргу забеспячэнню бяспечнага і камфортнага навучання для ўсіх дзяцей.

І гэта не проста словы. Чацвёрты год у горадзе рэалізуецца дзяржаўная праграма «Сацыяльная абарона», сёлета ў яе межах дзве ўстановы адукацыі набудуць статус безбар’ернага асяроддзя. А згодна з планам па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы аб’ектаў грамадскага харчавання ўстаноў адукацыі плануецца набыць 181 адзінку тэхналагічнага і 47 адзінак халадзільнага абсталявання.

Доўгачаканая і высокатэхналагічная

Установы адукацыі горада толькі завяршылі навучальны год, а аб’ект надзвычайнай важнасці – школа ў новым мікрараёне Стасава-Грышына – з кожным днём набліжаецца да фінальных этапаў будаўніцтва. Ужо ў новым навучальным годзе яна адчыніць дзверы больш чым для тысячы юных магіляўчан.

Будучы дырэктар школы, а сёння кіраўнік аб’екта, Людміла Здорыкава расказала, што найбольш важна ўлічваць пры будаўніцтве новых устаноў адукацыі.

– Будаўніцтва школы вядзецца згодна з тэрмінамі, да 1 верасня аб’ект будзе гатовы. Школа, разлічаная на 1020 месцаў, адпавядае ўсім патрабаванням сучаснасці: найноўшыя тэхналогіі, арыентаваныя на захаванне здароўя, развіццё лепшых якасцяў у дзяцей.

Сёння мы асаблівы акцэнт робім на стварэнні для нашых дзяцей камфортнага, бяспечнага асяроддзя. У будаўніцтве выкарыстоўваюцца беларускія матэрыялы самых лепшых тэхнічных характарыстык і найлепшай якасці. Унутранае напаўненне навучальнай установы таксама будзе вылучацца навізной і тэхналагічнасцю.

Чатырохпавярховая пабудова па праекце складаецца з трох функцыянальных блокаў. Першы блок уключае агульнашкольныя памяшканні: вестыбюль на першым паверсе, абедзенную і чытальную залы, кнігасховішча, дадатковыя памяшканні. На другім паверсе размесцяцца актавая, спартыўная і трэнажорная залы. На трэцім і чацвёртым – рэсурсны цэнтр і лабараторыі, а ў падземнай частцы – гардэроб і гаспадарчыя памяшканні харчблока. Другі блок адведзены пад кабінеты. Трэці блок будзе змяшчаць вучэбныя класы і тыр у падземнай частцы.

Асобны двухпавярховы корпус прадугледжаны для басейнаў. Іх у школе будзе два. Для заняткаў са старшакласнікамі – басейн памерам 25 на 13,5 м і глыбінёй 1,2-1, 45 м. Дзеці да 10 год будуць навучацца плаванню ў меншым: памерам 10 на 3,6 м і глыбінёй 0,65-0,9 метра. На другім паверсе корпуса будуць таксама функцыянаваць трэнажорная і гімнастычная залы.

Нагадаем, што сёлета ў гэтай жа мікразоне пачаў работу новы дзіцячы садок з басейнам, а значыць, дзеці з трох да васямнаццаці гадоў на працягу ўсяго перыяду навучання будуць мець магчымасць займацца плаваннем.

Умовы для горада ўнікальныя, ды і ў краіне такое спалучэнне пакуль не так часта сустракаецца. Вядома, жадаючых атрымліваць адукацыю ў новай высокатэхналагічнай школе нямала, але ж перавага будзе аддавацца па тэрытарыяльным прынцыпе.

Набор будзе праводзіцца згодна з існуючым парадкам: у першую чаргу будуць запісвацца дзеці, якія жывуць у мікразоне, аднак, калі будуць вольныя месцы і дзеці, якія жадаюць вучыцца ў нашай школе, – адмаўляць не будзем. Школа адчыніць свае дзверы 1 верасня, аднак яшчэ пэўны час яна будзе напаўняцца вучнямі, – удакладніла Людміла Здорыкава.

*Кацярына Васількова

Фота аўтара

Последние новости

Вакансии в Могилеве

Актуальные вакансии на 01.11.2024

1 ноября 2024
Читать новость
Общество

В гостях – детский писатель

1 ноября 2024
Читать новость
Общество

Безопасность – наша общая задача

1 ноября 2024
Читать новость
Общество

Прямые линии с населением пройдут в Могилеве 2 ноября

1 ноября 2024
Читать новость
Образование

Идеи – ваши, кейсы – наши

1 ноября 2024
Читать новость
Общество

Две сельхозярмарки будут работать в Могилеве с 1 по 3 ноября

31 октября 2024
Читать новость

Рекомендуем