Жыць сумленна і бясконца развівацца – жыццёвыя прынцыпы Данііла Шаройкіна

Прафесійная сцежка да Радзімы
За плячыма нашага героя незвычайны досвед, цікавыя знаёмствы, падарожжы і пошукі свайго непаўторнага жыццёвага шляху, па якім ён крочыць з простымі, але грунтоўнымі мэтамі. А ў чым унікальнасць прафесійнага шляху маладога спецыяліста, начальніка аддзела знешнеэканамічных сувязяў і міжрэгіянальных адносінаў Магілёўскага гарвыканкама Данііла Шаройкіна, расказваем у чарговым выпуску праекта «Маладыя профі».
У школьныя гады Данііл актыўна праяўляў свае творчыя здольнасці і нестандартнае мысленне. Займаўся спортам і творчасцю, удзельнічаў у конкурсах і прэзентаваў аўдыторыі свае даследчыя праекты. Пасля чаго прыняў адно з самых важных рашэнняў у сваім жыцці і пераехаў у Кітай, каб стаць студэнтам Фуданскага ўніверсітэта ў Шанхаі. Можна было б падумаць, што пасля такога незвычайнага жыццёвага старту хлопец наўрад ці вернецца ў родны Магілёў. Але наш герой разбурыў стэрэатыпы.
Вярнуўся. І сёння дапамагае Магілёву наладжваць культурныя, спартыўныя і эканамічныя кантакты з кітайскімі гарадамі-пабрацімамі і гарадамі-партнёрамі.
Крок у самастойнае жыццё
У нашай краіне вялікая ўвага надаецца адораным дзецям. З юнага ўзросту тых, хто хоча развівацца, заўважаюць і дапамагаюць ім аграніць талент. Наш герой у свой час абараняў гонар краіны, удзельнічаў у міжнародных даследчых конкурсах. А калі прыйшоў час вызначацца з будучыняй, атрымаў накіраванне ад Міністэрства адукацыі Беларусі для навучання за мяжой па стыпендыі Кітайскай Народнай Рэспублікі.
Выбар універсітэта і краіны навучання не быў выпадковым, бо падчас навучання ў сярэдняй школе групу адораных беларускіх школьнікаў, куды ўвайшоў і я, Міністэрства адукацыі накіравала ў турыстычную паездку па Кітаі. І гэтая краіна тады насамрэч запала мне ў душу. Таму пасля заканчэння школы я параіўся з бацькамі і сумесна мы вырашылі, што Кітай – перспектыўная краіна, а кітайская мова зараз імкліва распаўсюджваецца ў свеце, – узгадвае Данііл.
У Кітаі наш зямляк быў залічаны ў эксперыментальную моўную групу, якая складалася з прадстаўнікоў самых розных краін свету. Так ён не толькі здолеў на высокім узроўні засвоіць кітайскую мову, а яшчэ і азнаёміўся з асаблівасцямі культуры і менталітэту розных краін.
Пасля заканчэння сярэдняй школы я паступіў ва ўніверсітэт у Кітаі. Першапачаткова на моўныя курсы ў Гуанчжоў, вывучаў кітайскую мову з нуля. А потым – на бакалаўрыят Фуданскага ўніверсітэта ў Шанхаі – гэта адзін з лепшых універсітэтаў Кітая. Мая спецыяльнасць – кітайская мова для бізнэсу, то бок для правядзення дзелавых перамоў.
Яшчэ са школьных гадоў Данііл прызвычаіўся да самастойнасці. Таму быў гатовы знаходзіцца далёка ад дому працяглы тэрмін.
Канешне, я сумаваў па родных, па доме. Але ламаць сябе не прыйшлося. Я быў гатовы да гэтага, разумеў, што жыццё і навучанне ў Кітаі будуць для мяне новым досведам і добрай стартавай пляцоўкай для маёй будучыні.
Пра Кітай і яго жыхароў
У стандартны працэс навучання як беларускіх, так і кітайскіх студэнтаў у 2020 годзе ўварваўся каранавірус. Даніілу на пэўны час прыйшлося вярнуцца дамоў і ўдзельнічаць у занятках дыстанцыйна. Аднак гэта акалічнасць не перашкодзіла нашаму герою пазнаёміцца з Кітаем і яго культурай. І, канешне, зразумець менталітэт жыхароў азіяцкай краіны.
Нашы краіны шмат у чым кардынальна адрозніваюцца, але ў адным мы вельмі падобныя да жыхароў Кітая, – адзначае Данііл. – У сваім стаўленні да гасцей.
Калі я толькі прыляцеў у горад Гуанчжоў для навучання, мне неабходна было знайсці паліцэйскі ўчастак, дзе я змог бы зрабіць студэнцкую візу. Але тады я яшчэ абсалютна не ведаў горад, таму падышоў, каб запытаць, да звычайнага кітайца. Мне, праўда, пашчасціла, што мы змаглі паразумецца на англійскай мове. Мяне ўразіла, што ён не проста растлумачыў мне, куды ісці, а пайшоў са мной, нягледзячы на свае планы і графік. Ён вылучыў час і давёў мяне да аддзялення паліцыі, за што я яму і сёння вельмі ўдзячны. Тады я ацаніў, наколькі ўсё ж па-сяброўску ставяцца да нас кітайцы.
Знайшоў малады чалавек і шэраг іншых падабенстваў паміж жыхарамі Кітая і беларусамі, якія сёння ўсё шчыльней наладжваюць супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі.
У Кітаі я ўбачыў, наколькі кітайцы падобныя да нашых людзей добразычлівасцю. А яшчэ мяне моцна ўразілі прырода Кітая і яго маштаб: у архітэктуры, культуры, насельніцтве. Сёння я ўжо шмат дзе бываў, але, на мой погляд, Кітай – самая тэхналагічная краіна на нашай планеце. Кітайская мова – адна з самых складаных, але я не лічу, што для таго, каб ёй авалодаць, трэба мець нейкі асаблівы склад ума. Адзінае, што неабходна для таго каб сапраўды добра вывучыць кітайскую мову, гэта стараннасць і працаздольнасць. Інакш ніяк. Я б пажадаў кожнаму з нас браць прыклад з кітайцаў – з іх адносінаў да навучання, працаздольнасці, прафесійнай дзейнасці…
Быць карысным
Сёлета малады чалавек скончыў універсітэт і пачаў свой прафесійны шлях. Варта адзначыць, што пэўны працоўны досвед Данііл набыў яшчэ падчас навучання. І вось ужо два месяцы працуе ў Магілёўскім гарадскім выканаўчым камітэце.
Зараз я працую на пасадзе начальніка аддзела знешнеэканамічных сувязяў і міжрэгіянальных адносінаў. Асноўная задача нашага аддзела – развіццё гандлёва-эканамічных, культурных, спартыўных, турыстычных сувязяў і адносінаў Магілёва з гарадамі-пабрацімамі і гарадамі-партнёрамі, – так наш герой фармулюе свае прафесійныя кампетэнцыі. – На гэтай пасадзе я працую не так даўно, але ўжо здолеў паўдзельнічаць у правядзенні міжнародных перамоў. Часам сумую па Кітаі, але гэтая лёгкая туга хутка праходзіць, калі ў Магілёў прыязджае кітайская дэлегацыя. Тады разумею, што сапраўды раблю добрую, важную справу на карысць нашай краіне.
Кітай даў нашаму герою адукацыю, а Магілёў дапамагае атрымаць прафесійны досвед. Наш горад даўно шчыльна ўзаемадзейнічае з кітайскімі гарадамі-пабрацімамі і гарадамі-партнёрамі. Цяпер жа спіс прафесіяналаў Магілёўскага гарадскога выканаўчага камітэта папоўніўся сваім унікальным спецыялістам па ўсходняй культуры. А значыць, камунікацыя паміж рэгіёнамі Беларусі і Кітая стане яшчэ больш паспяховай.
Чаму я вырашыў пасля навучання вярнуцца ў Беларусь? Па-першае, для таго каб дапамагчы нашым людзям даведацца больш пра Кітай, яго культуру, мову. А яшчэ хочацца быць карысным у развіцці міжнароднага супрацоўніцтва з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Падчас навучання ў Кітаі я неаднаразова дапамагаў генеральнаму консульству Рэспублікі Беларусь у Шанхаі ў суправаджэнні візітаў афіцыйных дэлегацый, працаваў як перакладчык. З кожным днём я усё глыбей разумею кітайскую культуру, менталітэт гэтага народа. І спадзяюся, што мае веды будуць карысныя для Магілёва, – адзначае Данііл.
Пра асабістае і не толькі
Данііл Шаройкін – рознабаковы чалавек з уласнымі поглядамі на жыццё і адданасцю выбранай справе. І размова зараз не толькі пра прафесію. З дзяцінства побач з ім крочыць творчасць.
У школьныя гады я займаўся вакалам у Заслужаным аматарскім калектыве Рэспублікі Беларусь – тэатры-студыі «Вясёлка», удзельнічаў у разнастайных канцэртах і конкурсах. Гэты калектыў даў мне вельмі карысны досвед публічных выступленняў перад самай рознай аўдыторыяй, там я прайшоў сапраўдную школу. І сёння у вольны час я працягваю займацца творчасцю, але больш для сябе. Калі я вучыўся, у мяне было не так шмат вольнага часу, каб займацца вакалам, але некалькі разоў я браў удзел у святочных мерапрыемствах Генеральнага консульства Расійскай Федэрацыі ў Шанхаі і выступаў з вакальна-эстрадным нумарам.
Напрыканцы сустрэчы мы задалі нашаму герою галоўнае пытанне: у чым жыццёвыя прынцыпы і маральныя арыенціры Данііла Шаройкіна?
Дзе б ты ні знаходзіўся, у якой краіне свету, ты ўсё роўна любіш сваю малую радзіму і сумуеш па сваім родным горадзе. Беларусь назаўсёды ў маім сэрцы. А свой асноўны жыццёвы прынцып магу сфармуляваць так: трэба жыць шчыра і заўсёды імкнуцца да развіцця.
Алёна Кухарава