Якім вы ведаеце наш горад?
Праект «Рэтраспектыва»
Ёсць у Магілёве аб’екты, вядомыя кожнаму жыхару нашага горада. Адзін з іх у XIX стагоддзі быў своеасаблівым культурным цэнтрам. Тут збіраліся адукаваныя, творчыя і таленавітыя людзі. Ён і сёння захапляе сваёй архітэктурнай выразнасцю і непаўторнасцю. У новым выпуску праекта «Рэтраспектыва» мы распавядзем пра гістарычнае станаўленне культурнай разынкі – Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра. Многія з вас, паважаныя чытачы, памятаюць драмтэатр узору савецкіх часоў, з адбіткамі доўгага жыцця на фасадах і спалучэннем белага і чырвонага ў колеравай гаме. На мяжы XX і XXI стагоддзяў тэатр перажыў адраджэнне: матэрыяльнае і духоўнае, і атрымаў той выгляд, у якім сёння і прадстае перад магіляўчанамі і гасцямі горада. З чаго ж пачыналася гісторыя магілёўскага храма Мельпамены і якія ўспаміны захоўваюць яго падмосткі?
На перакрыжаванні эпох:
як у Магілёве з’явіўся першы тэатр
Смелая задума
У другой палове XIX стагоддзя Магілёў значна папоўніўся архітэктурнымі аб’ектамі. Менавіта тады на вуліцах з’явіліся важныя грамадскія і сацыяльныя забудовы, неабходнасць якіх была абумоўлена самім жыццём: тэатр, чыгуначны вакзал, банкі, гасцініцы.
Задума пабудаваць у гораде тэатр узнікла за 20 год да яе фактычнай рэалізацыі. У 1847 годзе тагачасны губернатар М. Гамалея некалькі разоў звяртаўся да вышэйшага кіраўніцтва з ідэяй узвядзення першага гарадскога тэатра. Аднак для ўвасаблення смелага праекту ў жыццё не хапала матэрыяльных сродкаў. Праз пэўны час кіраўніцтва горада вырашыла падзяліцца думкамі з жыхарамі Магілёва і паспрабаваць сабраць грошы з дапамогай народных ахвяраванняў.
У тэксце з прапановамі да ахвяравання, які рассылаўся ва ўстановы горада, губерніі і прыватным асобам у 1885 годзе, можна прачытаць наступныя радкі: «Адсутнасць у Магілёве тэатра – істотнай прыкметы ўсялякага губернскага горада – адчуваецца самімі гараджанамі. Спектаклі, якія даюцца тут заезджымі трупамі акцёраў, звычайна ладзяцца абы як у прыватным, зусім непрыстасаваным доме і таму не адпавядаюць свайму прызначэнню, а недахоп месцаў не дае магчымасці наведваць тэатральныя відовішчы беднаму насельніцтву, якое такім чынам пазбаўлена адной з самых карысных забаў, якая можа служыць і сродкам выхавання. Таму пабудаваць хаця б сціплы, але прыстойны будынак сталага тэатра прадстаўляецца настойлівай неабходнасцю. Усялякая дабраахвотная лепта будзе прынятая з глыбокай удзячнасцю».
Ад праекта да тэатра
Праект будынка тэатра распрацаваў епархіяльны архітэктар П. Камбураў, а кіраваў узвядзеннем губернскі інжынер У. Мільяноўскі. Грошы ўдалося назбіраць у кароткі тэрмін і ўжо у 1886-м будоўля распачалася. Праз два гады, у 1888-м, перад жыхарамі горада паўстаў знакаміты тэатр з чырвонай цэглы. Тады ж тут адбыўся першы аматарскі спектакль, на які многія не маглі патрапіць, настолькі хутка разляцеліся квіткі. А вось паўнавартасным тэатральным жыццём пабудова напоўнілася толькі праз год, з адкрыццём першага тэатральнага сезону сталай драматычнай трупай Дзергача.
Размясціўся тэатр у цэнтры горада, на скрыжаванні Дняпроўскага праспекта (цяпер вул. Першамайская) і вуліцы Дваранскай (цяпер вул. Камсамольская). Выбар месца быў не самым удалым: да 1809 года тут існаваў роў з абарончым валам. І хаця на пачатку стагоддзя ён быў зрыты, а на яго месцы размясцілася плошча і ўздоўж вуліцы быў высаджаны Мураўёўскі (імя тагачаснага губернатара) сквер, тэхнічна ўзводзіць капітальную пабудову тут было складана.
Там, дзе праходзіў роў, давялося закладваць падмурак на глыбіню да 15 аршынаў (больш за 10 метраў). На гэты інжынерны нюанс накіравалі значную частку сабраных грошай, таму запланаванае тэхнічнае абсталяванне давялося змяншаць. Так, напрыклад, не было рэалізаванае ў поўнай меры ўладкаванне жалезнай заслоны, сістэмы пажарных лесвіц, вадаправоду. А мясцовая цэгла невысокай якасці вымусіла адмовіцца ад архітэктурнай задумы – трохпавярховага будынку эліпсападобнай формы.
У выніку ўзвялі прастакутны будынак з закругленай тарцовай сцяною і шэрагам элементаў архітэктурнай выразнасці. Тэатр паўстае ў першапачатковым, не атынкаваным, выглядзе. Да рэстаўрацыі дэкаратыўныя элементы дадаткова вылучаліся фарбай белага колеру. Фасады будынка аформлены ў старажытнарускім стылі. Зала для гледачоў першапачаткова была разлічаная на 500 месцаў. Інтэр’ер яе быў дэкарыраваны разьбой па дрэве. Ва ўсіх этапах – ад задумы да рэалізацыі – прымалі ўдзел і мясцовыя спецыялісты. Унутраным мастацкім афармленнем, маляўнічымі і ляпнымі работамі, напрыклад, займаўся мясцовы майстар Чарнышоў.
Тэатр у Магілёве стаў першай на Беларусі ўстановай культуры, для якой быў узведзены асобны тэатральны будынак.
У часы свайго кіравання Расійскай імперыяй, а менавіта пасля пачатку Першай сусветнай вайны, тэатр неадначасова наведваў імператар Мікалай ІІ. У тыя часы тэатр быў культурна-забаўляльным цэнтрам горада, тут жа канцэнтраваліся афіцэры Стаўкі імператара, замежныя госці. Тут для іх прапаноўваліся спектаклі, аперэты і нават прагляды першых кінематаграфічных стужак. Гэты перыяд гісторыі тэатра надоўга запомніўся жыхарам горада, таму балконную ложу, у якой пры наведванні тэатра размяшчаўся Мікалай ІІ, працяглы час называлі «царскай».
Імёны ў гісторыі
У першыя дзесяцігоддзі існавання на падмостках тэатра выступалі вядомыя ў Расійскай імперыі тэатральныя дзеячы, музыканты. Адметны зорнымі артыстамі быў і савецкі перыяд.
У свой час у Магілёўскім тэатры выступалі ці працавалі: знакамітая актрыса Вера Камісаржэўская (у ролях Ніны Зарэчнай у спектаклі «Чайка» па п’есе А. Чэхава, Норы у «Лялечным доме» Г. Ібсана), піяніст і кампазітар Сяргей Рахманінаў, першая народная артыстка Украіны Марыя Занькавец, народныя артысты СССР і БССР Фёдар Шмакаў, Яўген Палосін, Мікалай Радзівонаў, Сяргей Бульчык, Дзмітрый Арлоў, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, рэжысёр Уладзімір Кумельскі. Да 1964 года ў тэатры працаваў піяністам Пётр Яцына – ураджэнец Магілёва, чыё імя носіць адна з цэнтральных вуліц горада.
Першая беларуская савецкая опера-араторыя «Збаўлёная праца» была пастаўлена адным з першых беларускіх прафесійных кампазітараў Мікалаем Чуркіным. Таксама сцены магілёўскага храма тэатральных муз памятаюць класікаў беларускай літаратуры Янку Купалу і Якуба Коласа.
На сцэне тэатра выступалі шматлікія гастралюючыя трупы, а таксама мясцовыя тэатральныя калектывы. За гады існавання тут было пастаўлена больш за 4 тысячы спектакляў. Аднолькава прыязна ўспрымалі магілёўскія гледачы як знакамітых тэатральных выканаўцаў, так і самадзейных артыстаў.
Пачынаючы з 1928 года і да 1939-га ў магілёўскім тэатры служылі вядомы беларускі акцёр, рэжысёр, таленавіты арганізатар Уладзімір Кумельскі і яго трупа. У яго атрымалася арганізаваць першы ў Беларусі Рускі тэатр, які з цягам часу быў пераведзены ў Мінск і існуе дагэтуль.
Пасля Вялікай Айчыннай вайны тэатр апынуўся ў няпростай сітуацыі. Сваёй трупы не было, таму напрыканцы 1945 года ў Магілёў перавялі трупу Гомельскага абласнога рускага драматычнага тэатра. Аднак у сакавіку 1949-га яна была расфарміраваная, большасць работнікаў тэатра перайшлі служыць у Брэсцкі абласны драматычны тэатр. Пасля гэтага да 1953 года будынак не меў сталага гаспадара, зрэдку сюды завітвалі гастралёры, аднак росквіт быў наперадзе.
Новыя гаспадары сцэны з’явіліся толькі ў 1954-м, калі ў Магілёў пераехаў тэатр з Пінска. З таго часу ў культурным асяродку абласной сталіцы з’явіўся Магілёўскі абласны драматычны тэатр, які функцыянуе і сёння. Сярод тых, хто тут працаваў ці працуе, – заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Ю. Гальперына, В. Кабатнікаў, А. Рудакоў, З. Маўчанава, Н. Фядзяева, В. Гусеў, Р. Белацаркоўскі, З. Бурцава і іншыя.
Сучасны вобраз
У 1985 годзе Міністэрства культуры БССР прапанавала ліквідаваць стары будынак тэатра: чырвоная цэгла пачала разбурацца і тэатр цалкам патрабаваў маштабнага абнаўлення. Кіраўніцтва ж палічыла мэтазгодным узвесці новы будынак.
Тады на абарону старога тэатра стала грамадскасць, усё насельніцтва Магілёва. І тэатр амаль на 15 год закрылі на рэканструкцыю. Увесь гэты час трупа працягвала сваю работу ў суседнім будынку філармоніі.
За час аднаўленчых работ бетонам умацавалі стары фундамент, з’явілася надстройка сцэнічнай каробкі, але структура тэатральнай залы засталася той жа. У глядзельнай зале быў адноўлены увесь стары інтэр’ер.
А ў 2003-м, перад пачаткам тэатральнага сезону каля тэатра з’явіліся дама і сабачка з мінулых стагоддзяў. Кампазіцыю стварыў вядомы беларускі скульптар Уладзімір Жбанаў.
Алёна Кухарава