Темы

Якім вы ведаеце наш горад?

Якім вы ведаеце наш горад?

У XIX стагоддзі ў Расійскай імперыі, у склад якой уваходзілі і беларускія землі, упершыню арганізавалася дзяржаўная сістэма аховы здароўя. Менавіта тады, у 1802 годзе, з’явілася найстарэйшая ў межах імперыі бальніца. Сёння яна вядомая магіляўчанам як Магілёўская бальніца хуткай медыцынскай дапамогі. Аднак пра яе мы раскажам пазней. А ў новым выпуску праекта «Рэтраспектыва» перад вамі, паважаныя чытачы, паўстануць навучальныя ўстановы медыцынскага профілю, у якіх паўтара стагоддзя таму рыхтавалі сярэдні медыцынскі персанал — фельчараў і павівальных бабак — апору і падтрымку для лекараў усяго Паўночна-Заходняга краю.

Самая высакародная прафесія… у XIX стагоддзі і сёння

Сёння медыцына ў Беларусі знаходзіцца на сапраўды высокім узроўні. Перадавыя тэхналогіі, найскладанейшыя аперацыі, трансплантацыі ўжо не выклікаюць здзіўлення. Мы ведаем, што беларуская медыцына ўвесь час развіваецца і ўдасканальваецца. Але так было незаўсёды.

Аснова асноў

Яшчэ два стагоддзі таму ўрачы пераважна належалі да ваеннага ведамства і аказвалі медыцынскую дапамогу ўдзельнікам ваенных кампаній. І, вядома, чым ніжэйшым было паходжанне чалавека, тым менш шанцаў атрымаць кваліфікаваную медыцынскую дапамогу ў яго было. А жанчыны — як у вёсках, так і ў гарадах — працягвалі нараджаць дзяцей з дапамогай мясцовых бабак-павітух.

Ды і агульны ўзровень жыцця быў нізкі. Да моманту з’яўлення дзіцяці на свет жанчыны цяжка працавалі і рэдка звярталі сур’ёзную ўвагу на праблемы са здароўем. Таму складаныя роды часта станавіліся смяротнымі для мамы і дзіця.

Адкрыццё ў 1847 годзе аддзялення для навучання павітух пры родадапаможнай установе ў Магілёве праблему забяспечанасці медыцынскімі кадрамі не вырашыла. За год курс засвойвалі ўсяго некалькі вясковых дзяўчат. Для змянення сітуацыі трэба было прымаць кардынальныя рашэнні.

У 1864 годзе па распараджэнні тагачаснага магілёўскага губернатара Аляксандра Бяклемішава ў Губернскай бальніцы было створана асобнае аддзяленне — радзільны дом (інстытут). У раддоме прадугледжвалася 25 ложкаў, а у штат персанала ўваходзілі урач, ардынатар, фельчарыца і павівальная бабка.

У радзільнае аддзяленне прымалі парадзіх усіх веравызнанняў і сацыяльнага паходжання, а для тых, хто хацеў пакінуць нараджэнне дзіцяці ў сакрэце, існаваў асобны пакой.

Праект інстытуту распрацаваў вядомы акушэр-гінеколаг, навуковец Мікалай Мандэльштам. Па яго ж ініцыятыве менш чым праз год будынак, дзе месцілася аддзяленне, цалкам перайшоў пад памяшканні раддому і павівальнай школы.

Школа павівальных бабак

Класы і інтэрнат для навучэнак школы знаходзіліся непасрэдна ў раддоме. І навучанне таксама паступова перапляталася з практыкай. Слухачак набіралі са здольных дзяўчын 20-35 год, якіх накіроўвалі для навучання ад міравога ўчастку (тэрытарыяльнай адзінкі). На кожны курс набіралі 18 чалавек — з 14 сялянак і 4-х вольных слухачак, які аплачвалі навучанне. Галоўнымі выкладчыкамі школы былі яе дырэктар М. Мандэльштам і доктар Блох.

Тэрмін навучання залежаў ад здольнасцяў і першапачатковага ўзроўню адукацыі навучэнкі. Часцей за ўсё — 2 гады. Выпускніцы атрымлівалі права прымаць роды і праводзіць вакцынацыю ад воспы.

Сярод дысцыплін, якія вывучалі будучыя кваліфікаваныя павітухі, — Закон Божы, руская грамата, арыфметыка, тэорыя акушэрства. Другі год навучання прысвячалі акушэрскай практыцы: вучаніцу замацоўвалі за парадзіхай і яна на практыцы засвойвала прыёмы і метады родадапамогі.

Праз паўтара гады пасля заснавання школы правялі праверачныя экзамены, і іх вынікі апраўдалі надзеі кіраўніцтва. Праз 9 год, 6 мая 1874 года, школа атрымала новую назву. За час існавання ўстанова высока сябе зарэкамендавала — выпускніцы пачыналі самастойную практыку. Таму Міністэрства ўнутраных спраў падтрымала ініцыятыву мясцовай адміністрацыі, і ў Магілёве пачалі рыхтаваць павітух для Магілёўскай, Мінскай і Віцебскай губерніяў. А школе надалі статус цэнтральнай.

Цэнтральная фельчарская школа

На пачатку 1875 года ў Магілёве з’явілася яшчэ адна медыцынская навучальная ўстанова — Цэнтральная фельчарская школа. Пасля адмены прыгоннага права асабліва стаў відавочны недахоп медыкаў у сельскай мясцовасці.

Нават па дадзеных за 1913 год у беларускіх губерніях на аднаго ўрача прыходзілася некалькі дзясяткаў тысяч жыхароў. Таму выхад быў у тым, каб рыхтаваць сярэдніх медыцынскіх спецыялістаў, якія маглі пры адсутнасці ўрача праводзіць дробныя хірургічныя ўмяшальніцтвы, рабіць дыягностыку і прызначаць лячэнне.

Адміністрацыя Магілёўскай губерніі здолела рэалізаваць ідэю стварэння ўстановы для падрыхтоўкі фельчараў, бо імкнулася пашырыць маштабы медыцынскай дапамогі сялянам і ўжо мела досвед арганізацыі павівальнай школы.

У 1874 годзе для школы быў узведзены асобны драўляны будынак на рагу Паштовай вуліцы. А ў 1902 годзе школа з невялікага драўлянага дома пераехала ў каменны трохпавярховы будынак на перакрыжаванні вуліц Паштовай (цяпер вул. Боткіна) і Зялёнай (вул. К. Маркса). Клінічнай базай для заняткаў і практыкі абедзвюх школ была Губернская бальніца. Таксама агульнымі для абедзьвюх навучальных устаноў былі выкладчыкі, сярод якіх і ўрачы-практыкі.

Праз трыццаць год існавання імператар Мікалай ІІ надаў фельчарскай школе найменне «Магілёўская цэнтральная фельчарская школа Імператара Аляксандра ІІ». А яшчэ праз сем год дзве медыцынскія ўстановы горада аб’ядналіся ў адну — для таго каб выпускнікі мелі больш шырокі профіль. Да рэвалюцыі 1917 года з фельчарска-акушэрскай школы штогод выпускалася 30-40 спецыялістаў.

Сёння правапераемнікам першых медыцынскіх школ Магілёва з’яўляецца Магілёўскі медыцынскі каледж. Будынак, у якім фельчарская школа размясцілася на пачатку XX стагоддзя, захаваўся: сёння там знаходзіцца корпус № 1 медкаледжа. Дом мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Неабыякавыя да чалавечых лёсаў

Для Беларусі досвед існавання ў адным горадзе дзвюх медыцынскіх устаноў такога ўзроўню на той час быў унікальным. Шмат у чым паспяховая работа школ — заслуга выкладчыкаў-энтузіястаў, неабыякавых да чалавечых лёсаў.

Мікалай Мандэльштам сумяшчаў практыку акушэра-гінеколага Магілёўскай урачэбнай управы са стварэннем дзвюх школ, якія ён жа і ўзначаліў. Ён таксама быў старшынёй Таварыства ўрачоў Магілёўскай губерніі і займаў пост памочніка ўрачэбнага інспектара ў Магілёўскім губернскім праўленні. Нягледзячы на вялікую грамадскую нагрузку і актыўную практыку, ён распрацаваў арганізацыйныя асновы дзвюх школ і ўзяў на сябе кіраўніцтва ў складаны перыяд іх станаўлення. Сярод праектаў, да якіх вядомы ўрач прыклаў сваю руку, і заснаванне пры павівальнай школе ў 1875 годзе бясплатнай лячэбніцы для хворых, якія атрымлівалі медыцынскую дапамогу на прыватныя ахвяраванні.

У розныя часы ў медыцынскіх навучальных установах горада працавалі выпускнік Маскоўскага ўніверсітэта, доктар медыцыны і акушэрства Сцяпан Ліпінскі, доктар медыцыны Л. Маліноўскі. Шаснаццаць год узначальваў фельчарскую школу выпускнік Санкт-Пецярбургскай медыкахірургічнай акадэміі Аляксандр Мадэстаў, ён жа быў галоўным ініцыятарам заснавання ў Магілёве суполкі Чырвонага Крыжа.

Для навучэнцаў медыцынскія школы станавіліся сацыяльным ліфтам. Выхадцы з сялян ці бедныя гараджане такім чынам маглі ўвайсці ў склад інтэлігенцыі.

Сярод выпускнікоў нямала відных дзеячаў сістэмы аховы здароўя Беларусі. Іван Сурта у 1930-х узначальваў Народны камісарыят аховы здароўя, а пасля быў абраны прэзідэнтам Акадэміі навук БССР. Захар Магілеўчык — вядомы гігіеніст, доктар медыцынскіх навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі БССР, член-карэспандэнт Акадэміі навук СССР.

Падрыхтавала Алёна КУХАРАВА

Последние новости

Гороскоп

Гороскоп на 23 апреля для всех знаков зодиака

22 апреля 2025
Читать новость
Новости компаний

Подвигу народа жить в веках…

22 апреля 2025
Читать новость
Общество

Член Совета Республики Национального собрания Республики Беларусь Ирина Петрусевич провела личный прием граждан

22 апреля 2025
Читать новость
Общество

Центральная городская библиотека им. К.Маркса приглашает могилевчан на «Папин день»

22 апреля 2025
Читать новость
Важные

Лукашенко: ГКСЭ успешно решает уникальные задачи по защите прав граждан, интересов общества и государства

22 апреля 2025
Читать новость
Важные

Лукашенко: надо прекратить бездумно строить и стягивать людей в крупные города

22 апреля 2025
Читать новость

Рекомендуем