Темы

Рэальны патрыятызм, альбо Справа, у якой няма выдумкі

Рэальны патрыятызм, альбо Справа, у якой няма выдумкі

Восемдзесят год таму Беларусь скінула з сябе гнёт фашысцкай навалы. За гэты час многае ў свеце змянілася. Аднак дагэтуль у беларускай зямлі ляжаць тысячы безымённых салдат. Ім нельга здрадзіць, іх нельга забыць. Гэта дакладна ведаюць удзельнікі пошукавага клуба «ВІККРУ». Яны ўжо трыццаць год вяртаюць з небыцця загінулых на Магілёўшчыне байцоў, асвятляючы ім шлях дадому.

Карпатлівая праца і неверагодныя вынікі

Сёлета гісторыка-патрыятычны пошукавы клуб «ВІККРУ» адзначае юбілей. Трыццаць год удзельнікі клуба карпатліва збіраюць інфармацыю, скрупулёзна вывучаюць архіўныя дакументы і здымкі, праводзяць раскопкі і вядуць патрыятычна-выхаваўчую работу з моладдзю. «ВІККРУ» – прызнаны брэнд экспертнай інфармацыі ў тэме Вялікай Айчыннай вайны ў Магілеўскай вобласці. Пра поспехі і планы клуба, патрыятызм і гістарычную праўду расказаў кіраўнік ГППК «ВІККРУ» Мікалай Барысенка.

– За 30 год мы паднялі з зямлі астанкі 1697 байцоў і камандзіраў, устанавілі імёны 143 з іх па медальёнах, узнагародах, падпісных рэчах. Па архіўных дадзеных устаноўлена яшчэ 27200 імёнаў – дзве паўнавартасныя дывізіі па штаце 41-га года! – адзначае Мікалай Сяргеевіч. – Гэта байцы Чырвонай арміі, пахаваныя на тэрыторыі нашай вобласці ў брацкіх і адзіночных магілах, якія лічыліся зніклымі без вестак. Мы вяртаем іх з небыцця, разам з Галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама і аддзеламі ідэалагічнай работы і па справах моладзі гар- райвыканкамаў наносім іх імёны на помнікі, паведамляем родным. Па нашай ініцыятыве і пры непасрэдным удзеле клуба 7 вуліц абласнога цэнтра названыя імёнамі герояў абароны Магілёва. Гэта вуліцы Бакуніна, Кацюшына, Златавустоўскага, Мазалава, Слепакурава, Цярохіна і Мяцельскага. Па ініцыятыве штаба пошукавага клуба на тэрыторыі вобласці ўсталявана 37 памятных знакаў і помнікаў на месцах цяжкіх баёў.

За 80 год многае забываецца, сціраецца з памяці. Аднак у сем’ях працягваюць чакаць інфармацыю аб ужо прадзядулях і прабабулях, што не прыйшлі з вайны. Клуб «ВІККРУ» дапамагае сем’ям уз’ядноўвацца. І ў гэтым пошукавікі бачаць сваю асноўную місію і знаходзяць натхненне.

– Да нас прыходзіць шмат зваротаў з усіх рэспублік былога СССР. Штогод атрымліваем да 600. Дакладную лічбу назваць складана, бо нам пішуць лісты, тэлефануюць, звяртаюцца асабіста, дасылаюць электронныя паведамленні. Заўсёды, калі праводзім сустрэчы з калектывамі, два-тры чалавекі падыходзяць і просяць дапамагчы высветліць лёс сваіх родных. Разгляд усіх гэтых зваротаў – вялікі аб’ём работы, які патрабуе сіл і часу. Аднак ад гэтага мы зараджаемся энергіяй, бо бачым, што наша праца патрэбная людзям, патрэбная ў сем’ях. Удзельнікі нашага клуба гэта вельмі тонка адчуваюць. Увогуле любая грамадская арганізацыя жыве тады, калі яна запатрабаваная людзьмі.

Мінулы 2023 год для пошукавага аб’яднання быў адметны вялікай колькасцю экспедыцый, шырокай геаграфіяй, перспектыўнымі знаходкамі і высокай рэзультатыўнасцю.

– У нашага клуба год на год не падобны. У 2023 годзе мы працавалі ў сямі раёнах. Амаль кожны месяц праводзілі экспедыцыю. За год на месцах баёў разам з 52-м асобным спецыялізаваным пошукавым батальёнам Узброёных Сіл Рэспублікі Беларусь мы паднялі з зямлі астанкі 80 байцоў і камандзіраў Чырвонай арміі, пры іх знайшлі 34 медальёны. Аднак прачытаць удалося толькі 20. І гэта вельмі добры вынік з досведу нашай працы. 14 байцоў аказаліся ўраджэнцамі Саратаўскай вобласці Расіі. Усе яны былі перапахаваныя на радзіме. У Магілёўскім раёне, на лініі абароны горада, у раёне Прысна, Зацішша працавалі ў верасні. Паднялі пяцярых байцоў, пры іх знайшлі 3 медальёны, аднак устанавіць імёны ўдалося толькі па двух з іх.

Год падвойнага юбілею «ВІККРУ» адзначыць цікавымі праектамі. Колькасць экспедыцый давядзецца скараціць, аднак усе традыцыйныя ініцыятывы клуба рэалізуюцца.

– Сёння мы шчыльна супрацоўнічаем з расійскімі калегамі: праводзім сумесныя раскопкі, разам удзельнічаем у абласным праекце БРСМ «Дарогамі памяці і славы». У мінулым годзе ўзаемадзейнічалі ў рамках праекта з шасцю абласцямі Расіі. А ў гэтым годзе да нас прыедуць прадстаўнікі ўжо 11 рэгіёнаў. Сёлета ў нас упершыню ў гісторыі пошукавага руху Беларусі разам з Упраўленнем па увекавечванні памяці абаронцаў Айчыны УС Рэспублікі Беларусь пройдзе Рэспубліканская вахта памяці, якая ўрачыста адкрыецца ў красавіку на Кургане Славы. Такія вахты пройдуць у кожнай вобласці, яны аб’яднаюць прадстаўнікоў усіх пошукавых атрадаў нашай краіны. Таксама плануецца ўсталяванне двух памятных знакаў. Адзін з іх – на месцы першага бою ў абароне Магілёва, які адбыўся 3 ліпеня 1941 года.

Музей у Буйнічах: ідэя з дваццацігадовай вытрымкай

Чалавеку, які знаходзіцца па-за тэмай, можа падацца, што дзейнасць гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «ВІККРУ» абмяжоўваецца раскопкамі і экспедыцыямі. Аднак гэта не так. Творчыя праекты і ініцыятывы клуба – гонар Магілёўшчыны. Адна з іх – Музей воінскай славы на Буйніцкім полі. Штаб «ВІККРУ» не адно дзесяцігоддзе змагаўся за тое, каб на месцы гераічнага подзвігу быў узведзены музейны комплекс. І сёлета праект атрымаў маштабную рэалізацыю.

– На працягу дваццаці год мы пісалі ў «Пошукавым весніку», распавядалі на тэлебачанні, навуковых канферэнцыях і сустрэчах у працоўных калектывах пра тое, што ў Буйнічах трэба стварыць музей, – узгадвае Мікалай Барысенка. – У 2021 годзе губернатар Анатоль Міхайлавіч Ісачанка і намеснік губернатара Валерый Анатольевіч Малашка нас пачулі. І, са згоды Прэзідэнта, зацвердзілі ідэю стварэння музея. У гэтым годзе павінна быць здадзена будаўнічая частка, а ў 2025 – унутранае напаўненне. Творчая група клуба зараз працуе над трыма раздзеламі: «Абарона Магілёва ў 1941 годзе», «Увекавечанне памяці ўдзельнікаў абароны і вызвалення Магілёва ў 1941, 1944 гадах» і «Пошукавая работа на Магілёўшчыне». У экспазіцыях будзе адлюстравана ўся ваенная гісторыя нашага рэгіёна. Але дамінантай абавязкова павінна быць бітва на Буйніцкім полі 12 ліпеня 1941 года. У музеі прадугледжаны вялікая актавая зала, у якой можна праводзіць сустрэчы, канферэнцыі, розныя мерапрыемствы патрыятычнай скіраванасці, і вучэбны клас. На самім полі тэрыторыя дазваляе праводзіць ваенныя рэканструкцыі. У нашым клубе ёсць група рэканструктараў: хлопцы зараджаныя, гараць жаданнем узнаўляць эпізоды баёў 1941 года. Таксама ўяўляецца магчымым аднавіць акопы, траншэі. Музейны комплекс будзе адпавядаць усім запытам сучаснасці. У Беларусі, напэўна, гэта будзе трэці па значнасці падобны музей пасля Музея Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску і Брэсцкай крэпасці. Канстанцін Сіманаў яшчэ пры жыцці адмовіўся ад помніка сабе ў Буйнічах і сказаў, што тут трэба ўзвесці мемарыял абаронцам Магілёва. Таму мы, можна сказаць, выконваем яго запавет.

Важнасць стварэння музея на Буйніцкім полі не падлягае сумненню. Сёння, калі трэба штодня змагацца за праўду і даказваць, здавалася б, відавочныя рэчы, сучасны музейны комплекс проста неабходны. Тым больш, што за тры дзесяцігоддзі пошукавай дзейнасці клуб «ВІККРУ» назбіраў вялікую колькасць экспанатаў і факталагічнай інфармацыі.

– Буйніцкае поле – адзінае ў Беларусі з такой ваеннай гісторыяй. Мы ўпэўнены, што яно павінна быць сімвалам, які б стаяў у адным шэрагу з Брэсцкай крэпасцю. Немцы ў 41-м спатыкнуліся тут аб мужнасць і гераізм нашых салдат. Такое месца павінна быць увекавечана. Перш за ўсё фундаментальным сучасным музейным комплексам. Праблема і таямніца Буйніцкага поля і ўвогуле абароны Магілёва ў тым, што мы не ведаем, хто тут змагаўся. З цэнтральнай Расіі (Тульскай, Разанскай, Маскоўскай, Цвярской, Калінінскай і інш. абласцей) пад Магілёў на Днепр у чэрвені 1941-га прыйшло 65 тысяч чалавек. А мы ў 1995 годзе ведалі толькі 485 байцоў, іх імёны запісаны ўнутры капліцы. Сёння, дзякуючы нашай даследчай працы з архіўнымі базамі ЦАМА РФ, з небыцця паўстала больш за 6 тысяч байцоў. Усе гэтыя імёны зоймуць пачэснае месца ў музеі. Таксама ў апошнія гады мы актыўна праводзім экспедыцыі на лініі абароны Магілёва. Знаходкі будуць папаўняць экспазіцыю музея.

 У нашай размове з Мікалаем Сяргеевічам Барысенка мы не маглі абмінуць тэму захавання гістарычнай праўды. Дзейнасць клуба – падмурак з імёнаў, фактаў, знаходак, які цяжка парушыць нават самай вытанчанай хлусней.

– Некаторыя кажуць: «Вось у сорак першым беглі ад граніцы, паніка, дыверсанты…». Было і гэта. Але была і неверагодная масавая мужнасць. Чаму Магілёў стаяў 23 дні? Для 1941 года гэта неверагодна вялізарны тэрмін. Краіны Еўропы здаваліся за лічаныя дні і тыдні. Узяты Смаленск, немцы накіроўваюцца да Масквы. А Магілёў стаіць. Не было тут крэпасных муроў, не было ўмацаванняў. Былі звычайныя акопы, траншэі, артылерыя і салдат з вінтоўкай. А Магілёў змагаўся. Што гэта, як не мужнасць байца, які не пакідае пазіцыю, змагаецца да апошняга? Пра гэта мы павінны расказваць. Нам лёгка змагацца са скажэннямі гістарычнай праўды. Мы бачым, як гэта было насамрэч. Ваенная археалогія – справа, у якой няма выдумкі. Канешне, схітраваць дзесьці можна, але мы гэтым ніколі не займаліся.

Алена Кухарава

 У 2023 годзе мы працавалі ў сямі раёнах. За год на месцах баёў разам з 52-м асобным спецыялізаваным пошукавым батальёнам Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь паднялі з зямлі астанкі 80 байцоў і камандзіраў Чырвонай арміі, пры іх знайшлі 34 медальёны.

Последние новости

Общество

Могилев-Бурса: укрепляем сотрудничество

4 декабря 2024
Читать новость
Важные

Оплата по QR-коду в общественном транспорте

4 декабря 2024
Читать новость
Новости

Глобальное партнерство по устойчивости к засухе

4 декабря 2024
Читать новость
Спорт

Белорусские футболистки проведут матчи в Ереване и Тиране

4 декабря 2024
Читать новость
Лучшее - наше!

Могилёв на “Российской неделе здравоохранения”

4 декабря 2024
Читать новость
Важные

Президент Александр Лукашенко внес поправки в указ о реагировании должностных лиц на критику в госСМИ

3 декабря 2024
Читать новость