Темы

Педагог у душы, камсамолец у сэрцы

Педагог у душы, камсамолец у сэрцы

Мне заўсёды шчасціла: прафесійны і жыццёвы шлях Віктара Рабцэвіча

«Не расстануся з камсамолам, буду вечна маладым!» — радкі гэтай песні, напісанай знакамітым творчым дуэтам Аляксандры Пахмутавай і Мікалая Дабранравава, верагодна, маглі б гучаць і з вуснаў нашага героя. І гучаць ад сэрца. Бо камсамольская маладосць пакінула ў яго жыцці несціральны адбітак, сфарміравала погляды на жыццё і дала ўпэўненасць у тым, што няма нічога немагчымага для таго, хто хоча дасягнуць сваёй мэты. Шмат гадоў Віктар Рабцэвіч узначальваў Магілёўскі архітэктурна-будаўнічы каледж. І сёння мы раскажам пра яго прафесійны і жыццёвы шлях.

Маладосць і бадзёрасць вясёлымі агеньчыкамі блішчаць у вачах майго суразмоўцы. А словы: «Мне хутка 88 споўніцца», думаецца, ва ўсіх, хто ўпершыню сустракаецца з Віктарам Канстанцінавічам, выклікаюць здзіўленне. Ну ніяк не скажаш, вочы ж не могуць хлусіць! Аднак з адным не паспрачаешся: такі грунтоўны вопыт не набудзеш, пакуль не пройдзеш не адзін дзясятак блытаных жыццёвых пуцявін.

Яшчэ ў пачатку сустрэчы наш суразмоўца палічыў патрэбным удакладніць:
Заўсёды я сустракаў вельмі добрых людзей: у школе, далей у войску, інстытуце. Усё жыццё мне шчасціла…
Але з першых радкоў яго аповеду разумееш: гэта не больш чым сціпласць, якая і выклікае жаданне аддаць права ганарыцца поспехамі і няпростым, але цікавым жыццём, камусьці іншаму.

Ваеннае дзяцінства
Маё дзяцінства, якое прыйшлося на ваенныя і пасляваенныя часы, было вельмі складаным. Я нарадзіўся ў вёсцы Альшанец Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці. У 1912 годзе мой дзядуля выбраў гэтае месца ў лесе каля балота і вырашыў будаваць там дом. У гады Вялікай Айчыннай вайны наша вёска была партызанскай, тут для іх выпякалі хлеб. У нас была маленькая непрыкметная хатка і нават на той час, як у вёску прыходзілі немцы, у нас заставаўся хворы партызан, якога даглядала, як магла, маці. Бо ў яе не было ніводнага класа адукацыі. Тата рабіў трактарыстам, а мама проста працавала ў калгасе. А ў сям’і нас з сястрой было двое.
Вайна адступіла, але пакінула маленькаму Віцю на памяць малакроўе і курыную слепату. І хаця хлопчыку ўжо ішоў дзявяты год, у школу ён не пайшоў, маці адкармлівала сына, пакуль ён не паздаравеў.

Да чацвёртага класа даводзілася хадзіць у школу за чатыры кіламетры. А ў пятым-сёмым класе дыстанцыя павялічылася да 9 кіламетраў. Мне пашчасціла, што я не быў пераросткам. Бо многія дзеці праз вайну страцілі час, і ў школу хадзілі ўжо дарослыя хлопцы. Ды і мая сястра за два гады скончыла чатыры класы і на гэтым спынілася. Вёска была невялікая, таму працягваць навучанне мне давялося аднаму. Далей паўстала пытанне: хадзіць за 15 кіламетраў у 8 клас ці паступаць кудысьці і засвойваць прафесію.
З гэтага часу жыццё нашага героя закруцілася. Далей былі паўгода навучання ў лесагаспадарчым тэхнікуме у Буда-Кашалёўскім раёне, вяртанне ў родную вёску і яшчэ паўтара года ў школе за 15 кіламетраў. Як можна зразумець, лёгка нашаму герою не было.


Маладосць не ведае стомы
Юнацтва і маладыя гады ва ўсе часы ставяць чалавека перад сур’ёзным выбарам. Кім быць? У якім кірунку павесці сваё жыццё? Хто будзе побач? Не абмінулі гэтыя экзістэнцыяльныя пытанні і Віктара. І калі з адказам на першае ён, як і многія равеснікі, вызначыўся даўно, то другое прымусіла спыніцца і падумаць грунтоўна.

Я хацеў паступаць у вайсковае вучылішча, — расказвае Віктар Канстанцінавіч. — У Бярэзінскім ваенкамаце, паглядзеўшы на мае адзнакі, мне паабяцалі выдаць накіраванне. Але штосьці пайшло не так. І магчымасць паступіць была толькі праз год. Я прапусціў паступленне ва ўсе навучальныя ўстановы ды, шчыра кажучы, і не ведаў куды, акрамя ваеннага вучылішча, падацца. У той час усе хлопцы, якія перажылі вайну, хацелі быць ваеннымі.

Па парадзе знаёмых малады чалавек накіраваўся ў бліжэйшы буйны горад — Магілёў — і ўладкаваўся на працу цесляром, пра гэта сведчыць і першы запіс у працоўнай кніжцы.
Уменні ў новаспечанага гараджаніна былі, а вось разрад адсутнічаў. І гэта дадавала незразумеласці.

Напрыканцы першага месяца брыгадзір сабраў нас і сказаў, што не ведае, як аплачваць маю працу. А мае тагачасныя калегі адказалі: плаціце так жа, як і нам, бо ён так сама працаваў. Тады я адчуў, наколькі рабочы клас справядлівы.
За першым працоўным вопытам узніклі і перспектывы зноў стаць студэнтам. Хлопец даведаўся, што будаўнічы тэхнікум праводзіць прыём на завочнае аддзяленне. І паступіў. Не ведаючы, што праз некалькі гадоў сам узначаліць гэтую навучальную ўстанову.

На чацвёртым курсе мяне накіравалі на цаліну, у Казахстан. У Магілёўскім райкаме камсамолу выдалі пуцёўку. Нас, маладых і вясёлых, сабралі цэлы эшалон і ў таварных вагонах везлі 14 сутак у Кустанайскую вобласць.
Прыпынкі рабілі пераважна на таварных станцыях, тады з усяго СССР ішла вялікая колькасць цягнікоў, трэба было раз’язджацца. У час дарогі мяне выклікалі ў камсамольскі штаб у адным з вагонаў і прызначылі камандзірам брыгады.
Першы цалінны вопыт нашага героя быў няпростым. Групу маладых людзей адразу з цягніка прывезлі ў стэп, дзе з пабудоў было толькі часовае жыллё для дзяўчат. Хлопцам жа далі брызент і сказалі самім наладжваць свой побыт. Са спробамі і памылкамі яны зрабілі навес, які і стаў для іх часовым домам. Есць гатавалі студэнты таксама самі (прадукты прывозілі). Іх асноўнымі задачамі было ўзвесці сталовую і гуртажытак, а далей гэтае месца павінна было стаць цэнтрам калгаса. У Казахстане беларуская моладзь правяла амаль год, а калі дзяўчаты і хлопцы вярнуліся дамоў, апошніх, што яшчэ не служылі ў войску, ужо чакалі павесткі. Некалькі дзён, каб пабачыцца з роднымі, і зноў дарога. У Азербайджан, Закаўказскую ваенную акругу.

Камсамольскі лідар
Служба ў войску для Віктара Рабцэвіча была цікавай і актыўнай. З першых дзён ён уключыўся у работу камсамола. А далей і стаў камсамольскім лідарам.

Пасля навучання мяне адправілі ў школу малодшых камандзіраў. У мяне не было афіцэрскага звання, неабходнага для таго, каб займаць пасаду сакратара камсамольскай арганізацыі. Але пры галасаванні мае таварышы-саслужыўцы выбралі мяне, а не прысланага кандыдата-афіцэра. Так давялося, акрамя курсанцкіх абавязкаў, займацца спартыўнай і культурна-масавай работай, нават у хоры стаў спяваць, каб іншым паказаць прыклад, — з усмешкай узгадвае Віктар Канстанцінавіч.
За выдатныя поспехі ў баявой і палітычнай падрыхтоўцы і ўмелае кіраўніцтва камсамольскай арганізацыяй Віктар Рабцэвіч атрымаў Ганаровую грамату ЦК УЛКСМ.
Маладому чалавеку хацелася працягнуць службу, для гэтага неабходна было паступіць у ваеннае вучылішча, але здароўе гэта зрабіць не дазволіла.

Ад Алтая да роднай Беларусі
Адной з важных кропак на жыццёвай карце нашага героя стаў Барнаул: тут ён пачаў навучанне ў ВНУ, тут жа сустрэў сваю будучую жонку Людмілу. А скончыць давялося ўжо архітэктурна-будаўнічы факультэт Мінскага палітэхнічнага інстытута. Там жа завязаліся знаёмствы, якія ў далейшым дапамагалі Віктару Рабцэвічу ў працоўнай дзейнасці.
Пакуль вучыўся ў Мінску, актывіст не мог не адгукнуцца на запрашэнне яшчэ раз наведаць цалінныя землі. Толькі ўжо ў якасці арганізатара. Малады чалавек загадзя ездзіў па населеных пунктах Казахстана і заключаў дамовы для будучай працы беларускіх камсамольцаў.
Да пяцідзесяцігоддзя з пачатку асваення цаліны Віктар Канстанцінавіч атрымаў ад тагачаснага Прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева юбілейны медаль. Гэтая ўзнагарода была не адзінай, якую пакінула на памяць цаліна. Але адной з самых важных, бо вялікае бачыцца на адлегласці. У тым ліку і часавай.

Педагагічная сцежка
У Магілёў наш герой вярнуўся пасля размеркавання ў інстытуце. Многія таварышы засталіся ў беларускай сталіцы. Але Віктару, які да таго часу ажаніўся, важнымі былі побытавыя ўмовы. А ў Магілёве для маладых абяцалі жыллё. Так пачалася педагагічная дзейнасць Віктара Рабцэвіча ў Магілёўскім архітэктурна-будаўнічым каледжы, а тады яшчэ тэхнікуме.
За невялікі часавы адрэзак педагог змог прайсці прыступкі кар’ернай лесвіцы і ў 35 год стаць дырэктарам навучальнай установы. Тады тэхнікум размяшчаўся на вуліцы Піянерскай, у старым будынку, які не адпавядаў патрабаванням. На міністэрскім узроўні маладому кіраўніку вылучылі грошы. І будаўнік па прафесіі, у прамым і пераносным сэнсе, узвёў новы корпус па вуліцы Касманаўтаў, а за ім і дзевяціпавярховы інтэрнат.
Наш герой зноў сціпла адыходзіць у бок і кажа, што без цудоўных педагогаў і выкладчыкаў каледжа яго прафесійная дзейнасць не была б такая паспяховая.
48 гадоў Віктар Рабцэвіч аддаў навучальнай установе ў Магілёве, якая стала для яго роднай. 34 гады працаваў на пасадзе дырэктара. Пры ім тэхнікум стаў каледжам, а пасля ўвайшоў у склад Беларуска-Расійскага ўніверсітэта. На працягу дваццаці гадоў ён узначальваў абласны Савет дырэктараў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, быў удзельнікам васьмі дэпутацкіх скліканняў рознага ўзроўню. Мае наш герой званне Заслужанага настаўніка БССР, члена-карэспандэнта Беларускай акадэміі архітэктуры, саветніка Беларускага акадэмічнага цэнтра Міжнароднай акадэміі архітэктуры.
За плячыма — важкі вопыт. А ў душы Віктар Рабцэвіч — усё той жа апантаны малады камсамолец, якому зоры асвятляюць шлях.

Алёна Кухарава

Последние новости

Культура

Во Дворце культуры области с аншлагом прошел концерт юной белорусской певицы Ангелины Волковой

26 апреля 2025
Читать новость
Культура

Юбилейный концерт Могилевского городского духового оркестра

26 апреля 2025
Читать новость
Культура

Киномероприятия ко Дню чернобыльской трагедии

26 апреля 2025
Читать новость
Новости компаний

Во дворе домов №5 и 7 по ул. Кутепова открылась новая детская площадка!

26 апреля 2025
Читать новость
Общество

История одного чемодана…

26 апреля 2025
Читать новость
Новости компаний

График работы общественного транспорта на Радуницу в Могилеве

26 апреля 2025
Читать новость