Темы

Мова жывая, пакуль на ёй гавораць

Мова жывая, пакуль на ёй гавораць

Дзень роднай мовы – нагода яшчэ раз задумацца пра лёс і будучыню той, якую мы завём нацыянальнай і матчынай.

Валодаць замежнымі мовамі сёння неабходна і прэстыжна: англійскай, нямецкай, французскай, кітайскай. А роднай? Калі шчыра, каштоўнасць гэтага скарбу ўсведамляюць нямногія. На жаль. Мову вывучаюць у школе, нядрэнна разумеюць, але мала хто свабодна на ёй гаворыць і ёю карыстаецца. Прычыны гэтага называюць розныя: не хачу, не ўмею, саромеюся, баюся быць незразумелым ці якія іншыя. А можа, варта проста памяняць свае адносіны да мовы, адважыцца і пачаць?


У тэму

Паводле вынікаў перапісу насельніцтва беларускую назвалі роднай мовай 53,2% жыхароў краіны – 5 мільёнаў 58 тысяч чалавек. Дома на ёй размаўляе 23% насельніцтва. Асноўнай мовай зносін 70% назвалі рускую. У Беларусі пражываюць прадстаўнікі 140 нацыянальнасцей і народнасцей. З іх амаль 84% назвалі сябе беларусамі.


Паспрабаваць хаця б на працягу аднаго дня, 21 лютага, гаварыць з калегамі, сябрамі, блізкімі на роднай мове.

Мы пацікавіліся ў тых, хто заўсёды размаўляе і думае па-беларуску, як яны прыйшлі да матчынага слова, i цi ўсё так дрэнна ў Магiлёве з беларускай мовай?

Алесь Казека, старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусi:

– Я спачатку прыйшоў да асэнсавання неабходнасці запісваць думкі, якія прыходзяць у выглядзе вершаваных радкоў, на роднай мове. Хоць я і вясковы хлопец з Магiлёўшчыны, але атрымаў вышэйшую адукацыю і шмат гадоў пражыў у Расіі. І, скажу вам, размаўляў там на чыстай рускай мове. Без «гэкання» і «чэкання». Але мне хапіла паўгода пасля прыезду на радзіму, каб ізноў вярнуцца да таго дыялекту, на якім размаўляў да ад’езду. Запісваў вершаваныя думкі спачатку па-руску. Пісаць на роднай мове параілі сябры. Паслухаў. I зараз не шкадую.

Размаўляем мы, магілёўцы, ды і думаем у абсалютнай большасці сваёй на «трасянцы», або, як кажуць навукоўцы, на беларуска-рускай змешанай гаворцы. І гэта, я лічу, не залежыць ад адукаванасці ці інтэлекту суразмоўцаў. Так склалася гістарычна. Сярод маіх знаёмых толькі адзінкі імкнуцца гаварыць на чыстай рускай або беларускай мовах. Ды і тут чысціня мовы ў многім залежыць ад тых сацыяльных умоў, у якіх адбываецца размова.

Гістарычна склалася так, што ў нашым рэгіёне больш распаўсюджана руская мова. У нас дзве дзяржаўныя мовы. Для нас, пісьменнікаў Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, ды і не толькі, папулярызацыя беларускай мовы – гэта на сёння адна з найважных задач. Але і тут трэба заўсёды памятаць народную мудрасць: «Што занадта, тое не дужа».

Алег-Давід Лісоўскі, краязнаўца, спецыяліст IT, працуе i жыве ў Германii (г.Аусбург):

– Да свайго сораму, хачу сказаць, што ў школьныя і інстытуцкія часы беларуская мова мяне амаль не цікавіла. Верагодна, я не сустрэў настаўніка, які быў бы здольны паказаць і давесці ўсю важнасць роднай мовы, яе ролю і лёс. І да сталага выкарыстання беларускай мовы я дайшоў, як не дзіўна, ужо за мяжой. 10 год таму я пераехаў у Баварыю. І толькі пабачыўшы стан беларускай мовы звонку, з іншага боку, я зразумеў, што не важна, дзе я жыву, аднак я проста абавязаны зрабіць свой (няхай і невялікі) унёсак у адраджэнне і развіццё беларускай мовы.

Апошняй кропляй, якая схіліла мяне да гэтага, была размова з адным сябрам з Расіі. Ён сказаў: «Няма ніякай беларускай мовы, гэта ўсё выдумкі, бо ніхто не піша кнігі, не займаецца навукай па- беларуску. А, значыць, уся вашая мова – гэта толькі спектакль, гульня». У той момант я вырашыў, што калі раптам я буду рабіць нешта публічнае, то буду рабіць выключна па-беларуску. Каб ніхто не мог казаць, што па-беларуску нічога не робіцца. Пагэтаму ўсе свае гістарычныя праекты я вяду выключна па-беларуску. Свае пераклады ўнікальных гістарычных тэкстаў раблю толькі на беларускую мову (дзякуючы гэтаму мы маем зараз даволі вялікую колькасць гістарычных дакументаў, якія дагэтуль не перакладзеныя на рускую, але маюцца ў перакладзе беларускім). І нават свой гістарычна-прыгодніцкі раман, цалкам прысвечаны Магілёву, я напісаў па-беларуску.

У жыцці я з большага карыстаюся трымя мовамі, у залежнасці ад таго, хто мой субяседнік. І часам сапраўды не заўважаю, ці я зараз думаю па-беларуску, ці па-нямецку, ці па-руску.

На той момант, калі я з’ехаў з горада, у Магілёве з беларускай мовай усё было сумна. Я амаль не сустракаў людзей, што размаўлялі б па-беларуску ў звычайным жыцці.

Навучанне было настолькі сухім, што не выклікала ніякай цікаўнасці да роднага слова.
Але зараз, на мой погляд, пачаліся пазітыўныя рухі ў гэтай галіне. Бо беларуская мова робіцца ўсё больш моднай i запатрабаванай. Мовай моладзі і прагрэсу, а не людзей сталага ўзросту i жыхароў вёскі. І, я спадзяюся, гэты рух будзе толькі набіраць моц і хуткасць, і беларуская мова нарэшце адрадзіцца і зойме сваё ганаровае месца сярод моваў свету!

Падрыхтаваў Мiкалай IўлеЎ

Последние новости

Общество

Прямая телефонная линия

22 декабря 2024
Читать новость
Спорт

Международный союз конькобежцев допустил белорусов до олимпийской квалификации

20 декабря 2024
Читать новость
Безопасность

ГАИ напоминает водителям и пассажирам о необходимости пристегиваться ремнями безопасности

20 декабря 2024
Читать новость
Новости компаний

В одном из крупных магазинов «Санта» в Могилеве пройдет беспроигрышная лотерея для покупателей

20 декабря 2024
Читать новость
Новости компаний

Могилевский государственный электротехнический колледж празднует 70-летие

20 декабря 2024
Читать новость
Общество

Под Новый год чудеса случаются!

20 декабря 2024
Читать новость