Маладыя профi: будні выратавальніка-пажарнага Сяргея Смолка
Блытанымі пуцявінамі да мары дзяцінства
У кожнага маладога спецыяліста свой унікальны і непаўторны жыццёвы вопыт. Хтосьці з дзяцінства ведае – буду доктарам. Хтосьці да апошняга званка не можа вызначыцца, куды падаваць дакументы. А хтосьці, як наш герой, пасля пошукаў і сумненняў у 26 гадоў кардынальна змяняе жыццё і здзяйсняе мару дзяцінства. Герой новага выпуску праекта «Маладыя профі» – выратавальнік-пажарны ПАВЧ №1 Сяргей Смолка.
З дзяцінства Сяргей Смолка прафесійна займаўся спортам. Увесь вольны час малады чалавек прысвячаў лёгкай атлетыцы. І сур’ёзнае стаўленне прыносіла свае плады: за плячыма нашага героя – перамогі і ўзнагароды, званні майстра спорта і КМС на розных бегавых дыстанцыях і дыплом Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры па спецыяльнасці «трэнер па лёгкай атлетыцы». І вось перад Сяргеем прасціраюцца жыццёвыя пуцявіны: якую з іх выбраць? І як не памыліцца? Адна з такіх сцежак і прывяла нашага героя ў МНС.
Шлях у прафесію
Сёння здабыткі спартыўнага мінулага – вытрымка, дужасць, псіхалагічная ўстойлівасць – дапамагаюць Сяргею ў яго прафесійнай дзейнасці. Са снежня малады спецыяліст служыць у званні прапаршчыка ПАВЧ № 1 г. Магілёва.
– Па прафесіі я трэнер, пасля службы ў войску паспеў папрацаваць па спецыяльнасці, але ў спорце свая спецыфіка, таму працяглы час даводзілася знаходзіцца ў іншых гарадах, – узгадвае Сяргей. – А калі ў мяне нарадзіўся сын, зразумеў, што ўжо не магу такое сабе дазволіць, хацелася заўсёды быць побач, дапамагаць жонцы. Прынялі сямейнае рашэнне – асталявацца ў Магілёве. Разглядаў розныя варыянты службы: Дэпартамент аховы, МУС… А пасля знаёмыя параілі паспрабаваць уладкавацца ў структуру Міністэрства надзвычайных сітуацый. Параіўся з жонкай і на такім варыянце і спыніўся.
Усе мы ў дзяцінстве прымяраем розныя ролі, шукаем сваю прафесію і натхняемся кумірамі. А вось перанесці дзіцячыя фантазіі ў дарослае жыццё атрымліваецца не ва ўсіх. Наш герой – выключэнне.
Два разы Сяргею ўдалося выбраць справу па душы і стаць часткай вялікай каманды прафесіяналаў сваёй справы.
– Упершыню заступіў на дзяжурства 12 снежня. У дзяцінстве шмат кім сябе ўяўляў, але магу сказаць, што адна мара ў той дзень спраўдзілася – у 26 гадоў стаў выратавальнікам. Першы свой выклік добра памятаю. Гарэлі піламатэрыялы непадалёк ад піларамы і складоў з такім жа напаўненнем. На пажары па традыцыі мяне таварышы аблілі з пажарнага рукава вадой і блаславілі на далейшую паспяховую службу – такім абрадам прысвяцілі у выратавальнікі, прынялі ў сваю сям’ю.
Да маладых спецыялістаў у структуры МНС – асаблівая ўвага. Вучыцца на ўласных памылках – такі варыянт выратавальнікам не падыходзіць. Тым больш, што жыццё – самы таленавіты пісьменнік, яго сюжэты не паўтараюцца. А значыць малады спецыяліст-пажарны павінен быць падрыхтаваны да самых розных сітуацый.
– Тры месяцы мяне навучалі калегі з маім настаўнікам Юрыем Аляксандравічам Мільто. Таварышы па змене дапамагалі ўліцца ў калектыў. Першы месяц было няпроста, вялікая плынь новай інфармацыі, якую трэба запомніць. Зараз стала прасцей. Але ў нашай прафесіі трэба заўсёды вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца. Пасля трох месяцаў падрыхтоўкі ў частцы мяне накіравалі на навучанне на выратавальніка-пажарнага 7-га разрада ў Гомельскі філіял Універсітэта грамадзянскай абароны. Там яшчэ тры месяцы займаліся тэорыяй і практыкай. Вельмі дапамог той запас ведаў, які набыў на працоўным месцы. Паўтарыў тое, чаму навучыўся ад таварышаў.
На пытанне, што было самым складаным на першых этапах работы, наш герой адказвае проста:
– Запомніць. Мне тэорыя нашмат складаней даецца, чым практыка. Калі адпрацоўваеш адзін са спецыялізаваных элементаў на практыцы, уключаецца мышачная памяць. У нашай прафесіі трэба валодаць вялікім аб’ёмам інфармацыі, але гэтыя веды заўсёды карысныя і актуальныя. Няма аднаго і таго ж выезда. Ёсць час і пэўныя ўмовы, да якіх ты не можаш падрыхтавацца. За перыяд навучання выпрацоўваецца вопыт, на які далей можна арыентавацца ў разнастайных сітуацыях і прымаць правільнае рашэнне.
Новы дзень – новыя выклікі
Мала хто ведае, чым займаюцца выратавальнікі, калі ўсё спакойна, і іх прафесійныя паслугі незапатрабаваныя. Адпачываюць? Не, удасканальваюць свае веды і фізічныя якасці.
– Працоўныя суткі выглядаюць прыкладна так: раніцай заступаю на дзяжурства, камандзір прызначае ў змену, у кожнай змене працуе дзве машыны – у іх розныя задачы – месца ў адной з іх маё. Пасля – агульнае пастраенне, там жа нам паведамляюць інфармацыю пра здарэнні ў краіне, вобласці. А таксама расказваюць, якія заняткі нас чакаюць у бліжэйшыя суткі. Гэта, як правіла, фізічная, практычная і тэарэтычная падрыхтоўкі. Далей усё, як ва ўніверсітэце, – з усмешкай адзначае Сяргей, – толькі пар у нас менш, усяго дзве. Пасля абеда займаемся навядзеннем парадку ў гаражы, правяраем і рыхтуем тэхніку. Пасля – спартыўная гадзіна, асабісты час, і ў 23.00 адбой. Але гэта, вядома, у ідэальным свеце без пажараў і здарэнняў. Жыццё ўносіць у план свае карэктывы. Выклік – ты за 18 секунд апранаешся, і машына выязджае.
Коштам чалавечага жыцця могуць стаць некалькі згубленых хвілін. Выратавальнікі, як ніхто, гэта разумеюць, таму ад атрымання сігналу да выезду машыны на выклік праходзіць усяго 60 секунд. Аднак нават такая аператыўнасць не гарантуе шчаслівы фінал. Жыццёвы вопыт нашага героя за паўгода папоўніўся трагічнымі старонкамі.
– Кожны выпадак унікальны, і кожны выпадак складаны. Канешне, найбольш адбіваюцца ў памяці тыя здарэнні, у выніку якіх загінулі людзі. Хоць я яшчэ не так даўно працую, але мне ўжо непашчасціла ўбачыць смерць трох чалавек. На адным пажары ў маці згарэў сын. Нас позна выклікалі і, калі хлопцы зайшлі ў пакой, мужчына ўжо быў без прыкмет жыцця. Калі прыйшла яго мама, мы ўбачылі нечалавечы боль, даводзілася стрымліваць немаладую ўжо жанчыну, якая ірвалася ў агонь… Работа складаная, але яе павінен хтосьці выконваць. Захоўваць псіхалагічную раўнавагу дапамагаюць таварышы. Нас, маладых спецыялістаў, не кідаюць з агню ды ў полымя, рыхтуюць маральна і фізічна да розных сітуацый. Мала хто з першых дзён работы можа спакойна ўспрымаць цяжкія выпадкі. Падтрымка калег адчуваецца, і мне ў першы пажар са смяротным зыходам яна дапамагла справіцца з эмоцыямі. Самае страшнае, з чым не хацелася б ніколі сутыкацца ў прафесійным жыцці, – смерць дзяцей. Нават для вопытных выратавальнікаў гэта самы цяжкі псіхалагічны ўдар.
Ёсць у прафесіі нашага героя і станоўчыя моманты, якія, мабыць, і дапамагаюць верыць у лепшае і не чарсцвець душою.
– Галоўны плюс прафесіі для мяне – дапамога людзям. Узамен атрымліваеш бязмежную чалавечую ўдзячнасць. Так адкажа любы выратавальнік. Іншыя плюсы я таксама абавязкова знайду з вопытам.
Асобасны і прафесійны рост
У 26 год малады спецыяліст змяніў не толькі занятак, але і погляд на жыццё.
– Больш стабільна пачаў ставіцца да ўсіх праблем, якія могуць быць у сям’і, на рабоце. Маральна і псіхалагічна стаў больш зрэлым, – адзначае Сяргей.
Як вы ўжо зразумелі, паважаныя чытачы, спыніцца на паўшляху наш герой не можа. Не такі ў яго характар і жыццёвыя абставіны. Калі выбраў мэту, трэба яе дасягнуць.
– Планую паступова прафесійна развівацца. Хацелася б далей пайсці вучыцца, але пакуль я малады спецыяліст, трэба ўнікнуць ва ўсе нюансы ўнутранай спецыфікі. А праз год я змагу працягнуць навучанне і, спадзяюся, атрымаць афіцэрскае званне.
Не забыў малады чалавек і пра «мінулае жыццё». Хоць з прафесійным спортам ён завязаў, аднак быць у добрай спартыўнай форме – лічыць яшчэ адным прафесійным абавязкам.
– Для сябе выбраў стратэгію падтрымліваць свой арганізм і цела на такім узроўні, каб я мог вытрымліваць доўгую фізічную нагрузку, што неабходна ў нашай прафесіі.
Калі заканчваецца змена, цяжкая ці лёгкая, трагічная ці пазітыўная, наш герой вяртаецца дамоў. І галоўнай узнагародай за ўсе хваляванні і выпрабаванні дня становяцца цёплыя абдымкі жонкі і гадавалага сына.
Напрыканцы мы запыталі ў нашага героя, якая мара ў маладога выратавальніка-пажарнага.
– Сёння мару пра ўласную кватэру і пра тое, каб там мяне заўсёды з усмешкай сустракалі родныя людзі. Больш нічога не трэба.
Алёна Кухарава
Здымкі Ганны Сташкевіч