Дзмітрый Якаўчык: ад мары дзяцінства да поспехаў у прафесіі
Наш герой з дзяцінства марыў стаць міліцыянерам. Аднак жыццё выбрала для яго не менш адказны і важны шлях. Інтэлігентнасць, эрудыцыя, трываласць і грунтоўнасць – менавіта гэтыя якасці патрэбныя выкладчыку вышэйшай навучальнай установы. Усе яны ўласцівыя і для нашага героя. У чарговым выпуску праекта «Маладыя профі» мы пазнаёмімся з маладым выкладчыкам Магілёўскага інстытута Міністэрства ўнутраных спраў Дзмітрыем Якаўчыкам.
З маладым чалавекам мы сустракаемся ў яго альма-матар (яна ж стала і першым працоўным месцам). І ўжо з першых хвілін знаёмства разумеем: тут наш герой – свой: як для выкладчыкаў, якія памятаюць яго юнаком, так і для курсантаў. Ён аднолькава ўпэўнена трымаецца ва аўдыторыі пад час заняткаў і ў час інтэрв’ю, з лёгкасцю можа правесці экскурсію ў музеі інстытута. І хаця першапачаткова станавіцца выкладчыкам наш герой не планаваў, відавочна, што ён заняў у жыцці менавіта сваё месца.
Шлях у прафесію
– Дзмітрый, што падштурхнула вас да выбару прафесіі? Кім натхняліся?
– Пачалося ўсё з дзіцячай мары. Калі шукаў прыклад, узор таго, як павінен паводзіць сябе сапраўдны чалавек, то ў першую чаргу звяртаў увагу на супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Гэтыя людзі становяцца на абарону здароўя, жыцця грамадзян, а калі трэба, то і на абарону Радзімы. Часам нават забываючыся на асабістае жыццё. Мабыць, паўплывалі і яскравыя моманты з кінафільмаў з удзелам прадстаўнікоў міліцыі. Таму яшчэ ў дзяцінстве я вырашыў, што таксама хачу быць міліцыянерам. У 11 класе выбраў Магілёўскі інстытут МУС, і сёння разумею, што выбар быў правільным. А далей лёс склаўся так, што мне давялося тут затрымацца, – з усмешкай расказвае малады выкладчык.
– Як прайшлі студэнцкія гады, і што, на ваш погляд, дае сваім студэнтам інстытут МУС?
– Цікава – гэта сапраўды тое слова, якім можна ахарактарызаваць навучанне ў маёй альма-матар. Наш інстытут вылучаецца сваёй нестандартнасцю і неардынарнасцю супрацоўнікаў, якіх тут рыхтуюць. За чатыры гады тут можна засвоіць усё і нават больш. Акрамя таго, што ты атрымліваеш грунтоўныя тэарэтычныя веды, ты яшчэ і набываеш практычныя навыкі, якія выпрацоўваюцца не толькі на занятках, але і на мерапрыемствах, да якіх далучаюць студэнтаў. Усе выкладчыкі – не проста прафесіяналы, а ў першую чаргу добрыя людзі, якія даюць не толькі веды, а яшчэ і выхаванне, і разуменне таго, што цябе чакае ў будучыні, чаго чакаюць ад цябе, з чым ты можаш сутыкнуцца, і як гэтыя праблемы можна вырашыць. У час вучобы я ўдзельнічаў у конкурсе аратарскага майстэрства, конкурсах мастацкай самадзейнасці, навуковых канферэнцыях, выставах, семінарах. Узгадаць ёсць што.
– Чаму замест практыкі вы выбралі тэорыю? Дзіцячыя фантазіі разышліся з рэальнасцю?
– Не, адна мая мара дзяцінства спраўдзілася: я стаў супрацоўнікам органаў унутраных спраў. Аднак таксама заўсёды для мяне прыкладам быў мой бацька, які працаваў настаўнікам фізікі і матэматыкі. Таму я задумваўся пра тое, што і педагагічны шлях таксама для мяне блізкі.
На першым курсе здарыўся зай- мальны выпадак. Мы з таварышамі рыхтаваліся да экзамену і ў пэўны момант я выйшаў да дошкі, каб штосьці растлумачыць. У гэты момант ва аўдыторыю зазірнуў начальнік курса і, заўважыўшы мяне, сказаў: раз так, быць табе выкладчыкам. Тады мы ўспрынялі гэта як жарт. А потым насамрэч такая прапанова паступіла. Я падумаў: калі гэта не лёс, то што тады лёс? І пагадзіўся.
Першы вопыт
Паўтара года таму, адразу пасля заканчэння інстытута, малады спецыяліст Дзмітрый Якаўчык пачаў сваю педагагічную дзейнасць. Сёння ён працуе выкладчыкам кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін. Наш герой – асоба рознабаковая, выкладае студэнтам шэраг разнастайных дысцыплін: беларускую мову, рыторыку, прафесійную этыку, асновы прафайлінга, псіхалогію і асабістую бяспеку. У чытачоў лагічна можа ўзнікнуць пытанне: як учорашні студэнт стаў на адну прыступку са сваімі педагогамі? А мы адкажам.
Каб вучыць іншых, трэба ўвесь час самаўдасканальвацца і развівацца. І Дзмітрый гэта добра разумее. За 2023 год ён прайшоў перападрыхтоўку па спецыялізацыі «выкладанне». А сёлета паступіў на завочнае аддзяленне магістратуры Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь.
– З якімі выклікамі сутыкнуліся вы як малады спецыяліст і як іх пераадолелі?
– Для любога маладога спецыяліста, на мой погляд, галоўная цяжкасць звязана з адсутнасцю досведу, які напрацоўваецца толькі ў выніку доўгай прафесійнай дзейнасці. Зразумела, што ў пэўнай меры гэта можна замяніць ведамі і ўменнямі. І пакуль ты малады, ёсць яшчэ запал і жаданне працаваць, засвойваць штосьці новае. Але вопыт – гэта тое, чаго маладому спецыялісту сапраўды не хапае на пачатку прафесійнага шляху. І выхад з гэтай сітуацыі толькі адзін: неабходна слухаць сваіх старэйшых калег, у чымсьці прасіць дапамогі ці парады, сачыць за іх працай.
Выбраўшы педагагічны шлях, Дзмітрый не памыліўся. Яго цэняць і паважаюць. З побытавымі праблемамі сутыкнуцца не давялося – вельмі хутка малады спецыяліст атрымаў арэнднае жыллё. А прафесійнымі сакрэтамі заўсёды гатовыя падзяліцца старэйшыя калегі.
– Мне пашчасціла, што побач са мной працуюць добрыя настаўнікі. Мне ўдвая пашчасціла, бо я працую з тымі выкладчыкамі, якія мяне ж і вучылі, – адзначае наш герой.
Ва аўдыторыі Дзмітрыя Якаўчыка цяжка адрозніць ад курсантаў – такія ж агеньчыкі цікавасці ў вачах, такі ж малады імпэт. А выдаюць нашага героя толькі ветлівыя звароты яго вучняў і, канешне ж, валоданне прадметам.
– Як вы выбудоўваеце свае адносіны са студэнтамі, амаль равеснікамі па ўзросце?
– Трэба адзначыць адзін важны нюанс. Я сам нядаўна быў на іх месцы, таму цудоўна ўяўляю ўсе цяжкасці, з якімі курсанты могуць сутыкнуцца. Гэта безумоўна дапамагае спрашчаць нашу камунікацыю. Спрабую быць для іх не столькі выкладчыкам, колькі старэйшым таварышам. Я дакладна ведаю, чаму яны могуць прыйсці непадрыхтаванымі, дакладна ўяўляю, якія праблемы маглі ў іх узнікнуць, напрыклад, увечары. Гэта важна, я лічу, як для мяне, так і для іх. Мы можам паразмаўляць на тыя тэмы, якія яны з дарослымі выкладчыкамі пасаромеюцца абмяркоўваць, баючыся, што іх не так зразумеюць ці не пачуюць. У нас такіх сітуацый не ўзнікае, бо я сам прайшоў гэтую школу. І, мабыць, менавіта гэта паўплывала на выбар кіраўніцтва: зараз я курырую ўзвод. Магчыма, у мяне няма вялікага жыццёвага вопыту, але ў мяне дакладна ёсць вопыт курсанцкі, які, я думаю, патрэбны нядаўнім школьнікам у іх адаптацыйны перыяд.
У рабоце малады педагог прымяняе залатое правіла маралі: «стаўся да людзей так, як ты б хацеў, каб яны ставіліся да цябе». Калі ты хочаш, каб студэнт ставіўся да цябе з павагай, а да навучання – сур’ёзна і адказна, стань для яго прыкладам, узорам – так немудрагеліста, але дакладна фармулюе свой прафесійны прынцып Дзмітрый.
Вольны час малады чалавек любіць праводзіць актыўна. Рэгулярна становіцца ўдзельнікам спартыўных забегаў, не абмінуў і нядаўні Магілёўскі марафон. Захапляецца і футболам, мае спартыўны разрад па шахматах. Таксама малады чалавек шмат чытае, піша вершы… Рознабаковыя інтарэсы ў тым ліку дапамагаюць маладому выкладчыку быць на адной хвалі са студэнтамі. З імі як куратар ён наведвае тэатры, музеі.
– Як вы лічыце, якімі галоўнымі якасцямі сёння павінен валодаць супрацоўнік органаў унутраных спраў?
– Самая важная якасць, на мой погляд, – гэта рашучасць.
Супрацоўнік органаў унутраных спраў – чалавек, які не пабаіцца небяспечных, нестандартных сітуацый. Канешне, ён павінен быць адказным, цярплівым. І яшчэ – дастаткова добрым псіхолагам. Акрамя таго, што ў любой сітуацыі ён павінен дзейнічаць згодна з заканадаўствам, яму яшчэ трэба аналізаваць сітуацыі з усіх пунктаў гледжання, якія толькі могуць існаваць. Варта разумець усіх людзей, з якімі даводзіццца працаваць, незалежна ад іх прававога статусу, імкнуцца зразумець, чаму чалавек паводзіць сябе менавіта так.
Дзмітрый некалькі год таму сам быў курсантам, сёння ж глядзіць на моладзь ужо вачыма выкладчыка. Таму напрыканцы сустрэчы мы задалі герою галоўнае пытанне:
– Чым вылучаюцца маладыя людзі, якія выбралі навучанне ў Магілёўскім інстытуце МУС?
– Сёння студэнты Магілёўскага інстытута МУС – людзі незвычайныя. Гэта курсанты, якія бяруць на сябе звышадказнасць. І добра гэта разумеюць. Цяпер курсанты дакладна больш дысцыплінаваныя, чым у мае гады навучання, за што я ім удзячны. Гэтыя ўнікальныя людзі не пабаяліся тых складанасцяў, якія могуць узнікнуць у сучасным грамадстве. Яны выбралі сапраўды цяжкі шлях. І для мяне вялікі гонар працаваць менавіта з такімі студэнтамі.
Алёна Кухарава
Здымак Ганны СТАШКЕВІЧ