Капітальны рамонт: што, дзе, калі?
У летні перыяд традыцыйна горад абнаўляецца і прыгажэе. Пад пільнай увагай – не толькі інфраструктура і зоны адпачынку. Пакуль спрыяе надвор’е, капітальна рамантуюцца асобныя аб’екты жылой забудовы. Як дамы трапляюць у план і якія віды работ прадугледжвае капітальны рамонт, даведаліся карэспандэнты «Весніка Магілёва».
Часта жыхары горада цікавяцца: «Як робіцца выбарка? Чаму суседні дом рамантуюць, а наш не?». Адказ просты: капітальны рамонт – вынік шчыльнага ўзаемадзеяння трох арганізацый: ЖЭУ – УКП – падрадчык. Але ёсць нюансы.
Як складаецца графік?
Рамонт – праект маштабны, таму і планаваць яго пачынаюць загадзя. Першапачаткова нагодай для правядзення планавага рамонту з’яўляецца ўзрост дома. А вось вырашальным фактарам – бягучы стан будынка. Стан канкрэтных аб’ектаў жылой забудовы адсочвае эксплуатуючая арганізацыя – ЖЭУ. Спецыялісты кантралююць перыяд эксплуатацыі кожнага будынку, а яны ў сваю чаргу адрозніваюцца ў залежнасці ад таго, з якога матэрыялу ўзведзены дом.
Так, напрыклад, панэльныя і цагляныя дамы пры своечасовым рамонце можна эксплуатаваць больш за 100 год, а вось каркасныя прадугледжваюць значна меншы тэрмін. І гэта, як адзначае начальнік ЖЭУ-7 Мікіта Іназемцаў, – толькі адзін з нюансаў.
– Два разы на год кожны майстар праводзіць агляд замацаванага за ім жылфонду і складае акты згодна з патрабаваннямі да кожнага канструктыўнага элементу. Па выніках агляду складаецца план бягучага рамонту, а інфармацыя па будынках, што патрабуюць капітальнага рамонту, перадаецца ва Упраўленне камунальных прадпрыемстваў.
З практыкі скажу, што бываюць сітуацыі, калі першапачаткова капітальны рамонт дома быў запланаваны на больш позні перыяд, але падчас агляду выявілася патрэба правесці рамонт раней вызначанага тэрміну. Наша галоўная задача – скласці акт. Далей арганізацыяй капрамонту займаецца непасрэдна УКП. Аднак мы таксама маніторым, перад пачаткам разам з падраднай арганізацыяй абмяркоўваем неабходныя віды работ, праводзім сумесны агляд кватэр на апошніх паверхах, каб высветліць, ці ўзнікалі там праблемы да рамонту, і ў далейшым пазбегнуць спрэчных сітуацый.
Што прадугледжвае капрамонт?
На другім этапе, калі інфармацыя ад ЖЭУ атрымана, планаваннем графіку капітальных абнаўленняў займаецца Упраўленне камунальных прадпрыемстваў. Кожны вызначаны дом у любым выпадку трапляе ў план, але перыяд, калі капітальны рамонт будзе праведзены, залежыць ад фінансавання на бягучы год.
Вядучы інжынер па тэхнічным абслугоўванні МДКУП «Упраўленне камунальных прадпрыемстваў» Андрэй Буры ўдакладняе:
– На аснове дадзеных, якія нам прадстаўляе эксплуатуючая арганізацыя, вызначаем неабходнасць пастаноўкі пэўнага дома ў графік капітальнага рамонту. Мы такія дамы ўключаем у перспектыўную праграму, якая фарміруецца на пяць гадоў.
Зыходзячы з гэтай праграмы, штогод складаем пералік дамоў і фарміруем бягучы графік. Кожны год у лютым праграма карэктуецца, у яе па прапановах эксплуатуючых арганізацый дадаюцца пазіцыі.
Капітальны рамонт звычайна прадугледжвае ўсебаковае абнаўленне канкрэтнага аб’екта. Жыхары сутыкаюцца з часовымі цяжкасцямі, але тыя прыводзяць да выдатнага выніку – абноўленага і камфортнага будынку.
– Стандартны пералік работ абшырны: рамонт даху, замена інжынерных сетак, рамонт фасадаў ці стыкаў, абнаўленне адмосткі і ўваходных груп. Таксама ў рамках капітальнага рамонту ў месцах агульнага карыстання праводзіцца замена вакон, дзвярэй, свяцільнікаў.
ЖЭУ ажыццяўляе вясеннія і асеннія агляды згодна з канструктыўным зносам элементаў будынку. Перад уключэннем у перспектыўную праграму праводзім сваё абследванне, дзе вызначаем, якія віды работ неабходна правесці. Вывучаецца стан інжынерных сетак, балконаў, даху і іншых элементаў, кожнаму з якіх надаецца катэгорыя зносу. І тады вызначаныя віды работ уключаем у праектную дакументацыю, а праектны інстытут распрацоўвае мерапрыемствы па капітальным рамонце.
Як вядуцца работы?
Сёлета ў Магілёве запланаваны капітальны рамонт 32 дамоў – 19 у Ленінскім і 13 у Кастрычніцкім раёне. На пэўных аб’ектах работы падыходзяць да завяршэння, а іншыя толькі рыхтуюцца да маштабнага абнаўлення.
На тэрыторыі ЖЭУ-7 завяршаецца капрамонт двух дамоў, яшчэ тры дамы актыўна рамантуюцца. Цёплае надвор’е спрыяе хуткаму і якаснаму выкананню работ. Дом № 41/36 па вуліцы Каралёва ўжо радуе жыхароў мікразоны абноўленым фасадам. Тут спецыялісты робяць апошнія штрыхі.
А вось работы па адрасе Каралёва, 31 – у актыўнай фазе. Паралельна абнаўляецца фасад, наносіцца дэкаратыўнае пакрыццё на ўваходныя групы, ідзе замена вакон.
Галоўны інжынер падраднай арганізацыі, якая займаецца правядзеннем рамонту, Вадзім Віткоўскі адзначае: работы ідуць па графіку з мінімальнымі нязручнасцямі для жыхароў.
– Капітальны рамонт гэтага дома вядзецца з 27 красавіка. Наша арганізацыя выступае генеральным падрадчыкам. Па праграме капітальнага рамонту мы выконваем рамонт фасада, замену дахавага пакрыцця часткова са з’ёмам уцяпляльніка, вядзем работы па замене вакон, дзвярэй у месцах агульнага карыстання, замену інжынерных сетак халоднага і гарачага водазабеспячэння, сістэмы ацяплення, водаадвядзення і каналізацыі. Паралельна вядуцца розныя віды работ, у якіх у розныя перыяды задзейнічана да 20 спецыялістаў разнастайнай кваліфікацыі. Да ліпеня на гэтым аб’екце работы плануем скончыць.
Перспектыўны план капітальных рамонтаў на пяць год размяшчаецца на сайце гарвыканкама, там жа можна даведацца, ці ўключаны канкрэтны аб’ект жылой забудовы ў графік.
Шчыльны ланцужок узаемадзеяння паміж ЖЭУ і УКП працуе эфектыўна. Калі ў жыхароў дома з’яўляюцца пытанні пра яго бягучы стан, першапачаткова трэба звяртацца да арганізацыі, якая эксплуатуе гэты аб’ект. А спецыялісты ЖЭУ вызначаць, што, калі і як трэба адрамантаваць.
Алёна КУХАРАВА
Фота аўтара