Темы

Iмгненне ў вечнасцi…

Iмгненне ў вечнасцi…

Імгненне і вечнасць, вечнасць і імгненне… Чалавек – імгненне ці вечнасць? Чалавек і яго справа – імгненне ці вечнасць? Зямля, на якой жыве чалавек, – імгненне ці вечнасць? Магілёў – імгненне ці вечнасць? Імгненне вечнасць сцвердзіла, навекі ўпісаўшы імя Машэкі – разбойніка ці валадара,- у Магілёва гісторыю святую. Ці мо князь нейкі, названы імем Леў, пачаў гісторыю імгнення ў вечнасці зямлі святой. І гэтыя людзі, што праславілі магілёўскую зямлю, – імгненне ці вечнасць?…

750 год… Многа ці мала? Для мяне многа, нават нерэальна многа, а для гісторыі маёй зямлі і майго горада – не так ужо і многа.

Цэлую вечнасць пражыў Магілёў – мой любы горад. Заплюшчу вочы – і пранясецца перада мною гісторыя горада на Дняпры. Суровыя лясы, непраходныя пушчы, бурлівы Дняпро. І людзі, мужныя і моцныя, звыклыя да нягод і змагання.

Як жывы, паўстае перада мной гараднічы, што сустракае пільным вокам таго, чыя нага ступіла на брукаванку Магілёва. (І сёння скульптура станцыйнага наглядчыка сустракае гасцей горада на фоне старадаўняга вакзала). Спяшаюцца людзі па справах неадкладных, каб свой у вечнасці пакінуць след. Занятыя рознымі справамі, аб славе і гонары роднага горада дбаюць жыхары.

Маляўнічы, мілы сэрцу куток! Немагчыма ўявіць яго без гарадской ратушы. Над горадам узвышаецца гэты сімвал самакіравання і вольнасці гандлю Магілёва. Узняўшыся на яе, любуюся панарамай горада, слухаю трубача, які іграе фанфары і расказвае ўсім пра слаўныя падзеі з гісторыі Магілёва…Пераносішся ў думках туды.

Магілёў у складзе Вялікага Княства Літоўскага; шлюбны падарунак вялікага князя літоўскага Аляксандра сваёй жонцы Алене Іаанаўне; на падставе Люблінскай уніі Магілёў увайшоў у склад Рэчы Паспалітай. Шматлікія войны і паўстанні пакінулі свае крывавыя шрамы на целе магілёўскай зямлі: барацьба супраць феадальнага гнёту, Паўночная вайна, вайна з Напалеонам, паўстанне пад кіраўніцтвам К.Каліноўскага, рэвалюцыі, Першая сусветная вайна і Вялікая Айчынная вайна, самая жорсткая і крывавая, якую толькі бачыў свет…І гэтыя страшныя імгненні пакінулі след у вечнасці.

Пераадольваючы выпрабаванні, сягала чалавечая думка высока, а рукі залатыя і душы чыстыя рабілі свае справы.

Акутаны зелянінай, прыцягвае вока Свята-Нікольскі сабор. Не саступае яму ў знешнім аздабленні і святым прызначэнні Сабор Трох Свяціцеляў, які хавае за сваімі сценамі шмат імгненняў духоўнага жыцця нашых продкаў, тых імгненняў, якія сцвярджаюць вечнасць. А калі разабрацца, усяго адно імгненне ў вечнасці займае жыццё і дзейнасць выдатнага праваслаўнага дзеяча, вучонага і асветніка, прылічанага да ліку святых Беларусі, Георгія Каніскага. Але якое гэта яркае і напоўненае сэнсам імгненне! Імгненне, якое занатавана ў вечнасці архітэктарам Янам Гаўбіцам у Архірэйскім палацы Георгія Каніскага.

Культурнае жыццё гараджанам у 19-м стагоддзі падараваў Пётр Камбураў: тэатр з чырвонай цэглы ў псеўдарускім стылі і сёння карыстаецца ўвагай магілёўцаў і гасцей горада, а бронзавая «Дама з сабачкам» яшчэ шмат стагоддзяў будзе сустракаць наведвальнікаў тэатра.

І шмат-шмат яшчэ якіх імгненняў сустрэнеш у Магілёве, сутыкнешся з лёсамі розных мастакоў і творцаў, калі пільна ўгледзішся ў гісторыю горада і яго абрысы.
Па берагах Дняпра дамы стаяць. Непаўторныя, кожны са сваёй гісторыяй і сваім узлётным імгненнем. У думках залятаю ў кожны дом і разам з сямейнікамі сядаю за стол, дзе пашана продкам, Богу аддаецца, і зямлі, якая нарадзіла.

Любуюся справамі продкаў і суайчыннікаў, аддаючы павагу іх залатым рукам і святым учынкам. Любуюся і задаю сабе пытанне: ці была б у чалавецтва вечнасць без такіх імгненняў?

Вечнасць… І ў вечнасці імёны тых, хто стаіць за мураванымі сценамі стагоддзяў…

Я думаю аб знакамітых продках,
Якіх шмат хто не ведае ў нас.
Было жыццё іх бурным, як паводка,
Яны намнога абганялі час.

Магілёўская зямля! Багатая, шчодрая, ласкавая… Ты надзяляла сваіх сыноў і дачок чулай душою, добрым сэрцам, любоўю да ўсяго жывога. Так было спрадвеку.
Гісторыя захавала нам імёны толькі тых людзей, хто самааддана служыў свайму народу, Бацькаўшчыне, хто ахвяраваў сваім жыццём, дабрабытам дзеля бліжняга, хто чужы боль адчуваў, як свой уласны.

Тут нашы карані, вытокі, што даюць нам магчымасць цвёрда, упэўнена стаяць на зямлі, бо за плячыма ў нас – багатая спадчына, якую стваралі, шанавалі, перадавалі…

Спрабую ўявіць сябе побач са славутымі імёнамі продкаў і паставіць свае справы побач з іхнімі. Ці маю права стаяць побач? Ці магу сваё імгненне пакласці ў вечнасць? Пакуль што не! Але пройдзе час – і зробленае мною таксама ўвойдзе ў вечнасць. Не можа не ўвайсці, бо я – дачка зямлі беларускай. І я стараюся сабраць кожнае імгненне сваёй гісторыі, каб забяспечыць сабе і тым, хто побач, вечнасць.

Квітней, мой любы горад! Славу спявай тым часам, што нарадзілі ў вечнасці імгненне – славуты горад Магілёў!

Вольга Лунькова, настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ №45. Фота з сеткi Iнтэрнэт

Последние новости

Общество

Как правильно организовать экскурсионное обслуживание, рассказали в Минспорта и туризма

27 декабря 2024
Читать новость
Общество

С теплом и заботой к ветерану труда Надежде Евстратьевне Бамбизовой

27 декабря 2024
Читать новость
Общество

Поздравления с наступающими праздниками – в адрес ветерана Маргариты Икусовой

27 декабря 2024
Читать новость
Общество

Страхар о вкладе сельского хозяйства в ВРП Могилевской области

27 декабря 2024
Читать новость
Новости компаний

В Минском международном выставочном центре пройдёт выставка достижений суверенной Беларуси «Моя Беларусь»

27 декабря 2024
Читать новость
Новости компаний

Новые производства и рабочие места. Какие импортозамещающие проекты появятся в Могилевской области

27 декабря 2024
Читать новость