Темы

Даверыцца лёсу і не прагадаць

Даверыцца лёсу і не прагадаць

Пры знаёмстве малады спецыяліст з «Магатэксу» Ксенія Макаранка ўпэўнена называе сваю прафесію – інжынер па метралогіі. На вядомым прадпрыемстве лёгкай прамысловасці наша гераіня працуе першы год. Але за гэты час усёй душой паспела палюбіць горад, прафесію і першае месца працы. У новым выпуску праекта «Маладыя профі» мы раскажам, як даверыцца лёсу і не прагадаць. І, канешне, прыадкрыем таямніцу: што чакае маладых спецыялістаў на «Магатэксе»?

Шлях у прафесію

Наша гераіня нарадзілася ў Віцебску, навучалася ў Віцебскім дзяржаўным  тэхналагічным універсітэце па спецыяльнасці «метралогія, стандартызацыя і сертыфікацыя». А на «Магатэкс» прыйшла па размеркаванні – працаваць у якасці інжынера па метралогіі.

Для Ксеніі, як і для большасці шараговых жыхароў нашай краіны, метралогія была не больш чым складаным тэхнічным тэрмінам. Але, як паказала жыццё, стэрэатыпна мужчынская прафесія можа не толькі зацікавіць дзяўчыну, але і падараваць цікавыя перспектывы.

– Калі прыйшоў час вызначацца з будучыняй, для сябе вырашыла, што атрымліваць адукацыю буду ў Віцебску. Цэнтралізаваны экзамен здавала па матэматыцы і фізіцы. А вось выбраць прафесію хутка не атрымалася. Першапачаткова разглядала таваразнаўства, але мама прапанавала звярнуць увагу на даволі рэдкую прафесію метролага. І я не пашкадвала, бо як спецыяліст заўсёды буду запатрабаваная.

Сцежкі да «Магатэкса» дзяўчыне таксама праклаў лёс. Пра буйное прадпрыемства лёгкай прамысловасці Ксенія чула, але ацаніць яго маштабнасць здолела толькі тады, калі стала маладым спецыялістам.

– Я бачыла «Магатэкс» у спісах на размеркаванне, і перад тым, як яго выбраць, нічога дакладнага пра гэтае прадпрыемства не ведала. Але душа падказала зрабіць менавіта такі выбар. З прадукцыяй, да таго як пачала тут працаваць, знаёмая не была. Цяпер ацаніла і нават прэзентавала яе ўсім сваім родным.

Першае ўражанне ад прадпрыемства – велізарныя вытворчыя плошчы. Адразу баялася згубіцца ці заблукаць. А першы працоўны дзень… Безумоўна, вельмі хвалявалася, але на ўзроўні эмоцый зразумела, што гэта маё месца. Цёплае і прыязнае стаўленне калег, іх жаданне дапамагчы ў розных пытаннях з першых дзён выклікалі пачуццё ўпэўненасці.

Проста пра складанае

Пра прафесійныя абавязкі маладога метролага ў двух словах не скажаш. Аднак галоўны з іх – паверка – знаёмы амаль кожнаму. Звычайна людзі сутыкаюцца з метралогіяй, калі спецыялісты павяраюць бытавыя лічыльнікі. Наша гераіня займаецца прыкладна тым жа, толькі ў маштабах вялікага прадпрыемства.

– На «Магатэксе» шмат разнастайных сродкаў вымярэння і абсталявання, якое трэба перыядычна павяраць. Практычна мая работа звязаная з дакументацыяй. Гэта забеспячэнне паверак і калібровак, атэстацыя сродкаў вымярэння і абсталявання. На пачатку года мая задача – скласці графік метралагічных аўдытаў для праверкі сродкаў вымярэння ў кожным падраздзяленні прадпрыемства, сачыць за тым, як праводзіцца ўлік. Таксама займаюся падборам новых сродкаў вымярэння, суправаджаю заключэнне дагавораў паміж прадпрыемствам і пастаўшчыкамі прыбора або пэўных паслуг у сферы метралогіі. На працы ў кабінеце цэлы дзень не сяджу. Калі праводзіцца аўдыт, іду ў адно з падраздзяленняў і правяраю ўмовы эксплуатацыі пэўнага абсталявання на канкрэтным участку.

Бонусы і ўмовы

Калі ўяўляеш маладую дзяўчыну, якая толькі-толькі прыйшла на першае месца працы, а пры гэтым яшчэ і ўпершыню ў жыцці апынулася ў новым горадзе, разумееш, як важна ў такі момант не застацца сам-насам з праблемамі. Варта адзначыць, што на «Магатэксе» да маладых спецыялістаў ставяцца з увагай. Для іх – камфортныя ўмовы, добры заробак і грашовая матывацыя, а таксама вялікая колькасць магчымасцяў рэалізаваць свае здольнасці.

– Перад прыездам маладых спецыялістаў прадпрыемства зрабіла рамонт у інтэрнаце. Гэта і пластыкавыя вокны, і прыгожыя новыя шпалеры, і ламінат. Таксама прадпрыемства забяспечыла мэбляй. Мне заставалася толькі засяліцца і жыць. У блоку жыву ўдваіх з суседкай, у кожнай з нас па асобным пакоі.  А сам інтэрнат знаходзіцца недалёка ад прадпрыемства, таму дабірацца камфортна, хапае 15 хвілін. Усё гэта для мяне надзвычай важна.

Каб маладыя спецыялісты не пачувалі сябе на вялікім прадпрыемстве самотнымі, за імі замацоўваюць настаўнікаў на ўвесь тэрмін працы па размеркаванні.

– З першага дня работы мой настаўнік – галоўны метролаг Таццяна Сяргееўна Аношка. Лічу, што сістэма настаўніцтва мае толькі станоўчыя праяўленні. На практыцы зразумела, што дзякуючы ёй у маладога спецыяліста ёсць упэўненасць, што яму заўсёды дапамогуць, з любым пытаннем можна звярнуцца да канкрэтнага чалавека. У любым выпадку, не згубішся.

Ёсць на «Магатэксе» і ўнікальны бонус для маладых спецыялістаў: па выніках першага года працы яны абараняюць праектныя работы па сваёй сферы дзейнасці, прэзентуюць сваё бачанне функцыянавання прадпрыемства. Па выніках для кожнага ўдзельніка прадугледжана прэмія ў памеры 150 рублёў. А тры пераможцы цягам года штомесяц атрымліваюць дадатковую выплату.

Асабістая актыўнасць і развіццё здольнасцяў

– Я люблю займацца спортам, таму ўзрадавалася, калі даведалася,  што на прадпрыемстве ёсць спартыўная і трэнажорная залы, якія можа наведваць любы супрацоўнік «Магатэкса», – распавядае Ксенія. – Ад прафкама штомесяц атрымліваю абанемент на 4 заняткі ў басейне – гэты бонус на нашым прадпрыемстве даступны ўсім. Таксама займаюся тэнісам, валейболам  на спартыўных аб’ектах прадпрыемства. Удзельнічаю ў спартакіядзе, якая праводзіцца цягам часу, а нядаўна здавала нарматывы ГТА.

Ініцыятыўнасць і творчыя здольнасці маладога спецыяліста на прадпрыемстве ацанілі.

– З дзяцінства люблю ўдзельнічаць у разнастайных мерапрыемствах. Ва ўніверсітэце таксама праяўляла свае здольнасці. Маё першае працоўнае месца не стала выключэннем, тут я таксама актыўна рэалізую свае таленты, удзельнічаю ў культурных, спартыўных мерапрыемствах. З першых дзён маю актыўнасць заўважылі і прапанавалі мне ўзначаліць на прадпрыемстве пярвічную арганізацыю БРСМ. Таксама даверылі весці старонкі прадпрыемства ў адной з сацыяльных сетак.

Напрыканцы сустрэчы мы задалі Ксеніі Макаранка галоўныя пытанні. Ці стаў для віцяблянкі горад на Дняпры блізкім? І чым Магілёў можа прывабіць маладога спецыяліста?

– Мне  Магілёў вельмі падабаецца чысцінёй і размахам:  заўсёды ёсць куды схадзіць, многа прыгожых месцаў для шпацыраў, для сябе працягваю адкрываць новыя цікавыя куткі. Таксама заўважаю, як горад развіваецца ва ўсіх сэнсах, будуюцца новыя мікрараёны. Я ад прадпрыемства стала ў чаргу, каб пабудаваць уласную кватэру. Таму са свайго досведу магу сказаць: для маладых спецыялістаў у горадзе ствараюцца цудоўныя ўмовы. Галоўнае – не баяцца праяўляць сябе і свае здольнасці.

Алёна Кухарава

Фота Ганны Сташкевіч

Последние новости

Новости

Новый магазин открылся в Могилеве: первые три дня действуют специальные цены

4 октября 2024
Читать новость
Новости

В Беларуси ужесточили правила размещения наружной рекламы

4 октября 2024
Читать новость
Культура

Недалеко от Могилева пройдут съемки фильма «Радар». Съемочной площадкой для нового фильма станет агрогородок Мышковичи

4 октября 2024
Читать новость
Вакансии в Могилеве

Ярмарка вакансий в Могилеве

4 октября 2024
Читать новость
Новости

На страже ваших сновидений

4 октября 2024
Читать новость
Культура

В Могилеве пройдет областное первенство по спортивной гимнастике

3 октября 2024
Читать новость