Темы

Быць заўсёды і ва ўсім – першымі

Быць заўсёды і ва ўсім – першымі

Пазнаёміліся са студэнтамі БРУ, якія працуюць у складзе студэнцкага атрада «ГОСТ» на «Магілёўтрансмашы»

Вы таксама думалі, што студэнцкія атрады – унікальная з’ява выключна летніх канікул? Мы завіталі на завод «Магілёўтрансмаш», дзе зараз у складзе атрада «ГОСТ» працуюць студэнты Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, і гатовы абвергнуць гэты стэрэатып. Чаму моладзь замест адпачынка выбірае працу на прадпрыемстве? Што дае такі досвед студэнтам і ці не перашкаджае дадатковая практыка навучанню? Адказы на гэтыя пытанні – у нашым матэрыяле.

Тэорыя на практыцы

Дзень пахмурны, дробны дожджык. У такі час студэнты звычайна нудзяцца ва аўдыторыях, пазяхаюць і пазіраюць на гадзіннікі, якія так марудна адлічваюць час. Аднак студэнтам БРУ, што аб’ядналіся ў атрад «ГОСТ», сумаваць няма калі. Кожны з іх працуе на адказным участку, дапамагае прадпрыемству вырашаць важныя вытворчыя задачы.

 На плячах – фірмовыя курткі «МАЗ», а на тварах вясёлыя ўсмешкі. Трыццаць маладых людзей з 1 да 29 красавіка разам працуюць на «Магілёўтрансмашы». У сяброўскім калектыве можна і папрацаваць, і пажартаваць, і штосьці новае засвоіць. Тое, пра што ва ўніверсітэце толькі расказвалі.

Студэнт 4 курса факультэта машынабудавання Юрый Міхалап – камандзір. У студатрадаўскім руху ён чалавек бывалы: летась таксама працаваў на «Магілёўтрансмашы», тады дзве змены, адну з якіх узначальваў, на галаўным прадпрыемстве «МАЗ». А сёлета вырашыў пачаць працоўны сезон у Магілёве.

– Тут цудоўны калектыў, завод месціцца недалёка ад майго дому, работу добра аплачваюць, да новых людзей ставяцца надзвычай цёпла, – пералічвае плюсы хлопец. – З першых дзён адчуваю сябе паўнапраўным членам калектыва, нібыта на прадпрыемстве год дваццаць працую. Студэнцкія атрады даюць магчымасць пабачыць унутраны бок прафесіі. Прыходзіш на завод, ведаеш, што гэта працуе так, а гэта вось так. Але ўсё – толькі на словах. А спрабуеш працаваць – і ўнікаеш у нюансы, пачынаеш гэтым жыць. І ўжо прафесійная дзейнасць не будзе адкрыццём і крокам у невядомае.

Навічкі, як правіла, выконваюць больш простыя задачы, а ў Юрыя фронт работ сур’ёзны. І, што самае галоўнае, непасрэдна па прафесіі.

 – Я займаюся ўстаноўкай платформ. А пасля на гэтыя платформы ставяцца кабіны для машын. Ва ўніверсітэце атрымліваю спецыяльнасць «інжынер-тэхнолаг». «Магілёўтрансмаш» ува мне зацікаўлены як у будучым спецыялісце. Сёлета заканчваю ўніверсітэт, размеркавацца планую сюды. І, скажу пад сакрэтам, хлопцы, з якімі другі год разам працуем ў студатрадзе, таксама спадзяюцца прыйсьці працаваць у статусе маладых спецыялістаў менавіта на «Трансмаш».

Арцём Сямёнаў таксама студэнт выпускнога курса, але ў вытворчы атрад патрапіў упершыню: змена амаль супадае з пераддыпломнай практыкай.

– Работа ў мяне не складаная, але трэба набіць руку. Працую некалькі дзён, аднак абстаноўка добрая, усё тлумачаць, разумеюць, што я першы раз на прадпрыемстве. Пакуль прыглядваюся, вывучаю ўнутраную спецыфіку работы. Крыху шкада, што не далучыўся да студатрада раней. Усім раю не баяцца і не адкладваць: гэта і практыка, і фінансавая падтрымка добрая. Ад таварышаў, якія раней ужо працавалі на заводзе, атрымліваў станоўчыя водгукі. Таму заробкам, думаю, буду задаволены.

Важная прыступка для росту

Беларуска-Расійскі ўніверсітэт – адзін з флагманаў студатрадаўскага руху ў краіне. Кожны год усё больш студэнтаў накіроўваюцца на прадпрыемствы і будоўлі Беларусі і Расіі. І заўсёды прадстаўнікі БРУ наперадзе – як у рабоце, так і ў грамадскім жыцці калектыва. Сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ універсітэта Ірына Шалыгіна адзначае, што студэнты працуюць у атрадах па профілі навучання, а значыць, атрымліваюць непаўторны прафесійны вопыт.

– Нашы студэнты матываваныя і зацікаўленыя працаваць у студатрадах. Асноўны трудавы семестр – гэта летні перыяд, але ў рамках практыкі гэта толькі ў плюс. У мінулым годзе працаўладкавалі 436 чалавек. Спадзяемся, што сёлета ўдасца далучыць да студатрадаўскага руху яшчэ больш моладзі. Ужо ёсць заяўкі ад працадаўцаў на лета. Многія з прадпрыемстваў імкнуцца атрымаць менавіта нашых студэнтаў, супрацоўнічаюць з намі з году ў год. І вельмі прыемна, што моладзь там сустракаюць нашы выпускнікі, некаторыя нават самі прайшлі праз студатрадаўскі рух. У нас пастаянна праводзяцца тэматычныя мерапрыемствы, вытворчыя экскурсіі, але праца ў студатрадзе, калі ты можаш паспрабаваць сябе ў профільнай спецыфіцы, – гэта непаўторны вопыт. Многім гэта дапамагае вызначыцца з будучыняй. Таксама адзначу, што студатрады – важная прыступка ў асобасным росце маладых людзей: многія з нашых студэнтаў кіруюць штабамі рэспубліканскіх праектаў студатрадаўскага руху.

Прафесійныя кадры – свае

«Магілёўтрансмаш» заўсёды рады падтрымаць маладых людзей, якія шчыра хочуць рэалізавацца ў прафесіі. Для выпускнікоў школ прапануюць мэтавыя накіраванні для атрымання адукацыі, а будучым маладым спецыялістам – грунтоўную сістэму бонусаў. Тамара Ратнікава, начальнік аддзела кадраў завода «Магілёўтрансмаш», адзначае, што студэнцкія атрады тут успрымаюць як добры спосаб знайсці для сябе высокаматываваных прафесіяналаў.

– Робім стаўку на моладзь. Каб атрымаць добрага спецыяліста, трэба актыўна ўдзельнічаць у яго навучанні і падрыхтоўцы. Цудоўна разумеем, што камплектацыя кадрамі адбываецца марудна, часам не хапае працоўных рук. Таму для нас работа са студэнцкімі атрадамі – добрая падтрымка і дапамога. А для маладых людзей – магчымасць азнаёміцца з усімі нюансамі прафесіі. Выпусцяцца з універсітэта яны інжынерамі, а, як вядома, добры той кіраўнік, што калісьці быў на месцы сваіх падначаленых.

Да студатрадаўцаў «Магілёўтрансмаш» ставіцца ўважліва і клапатліва. Вопытныя працаўнікі заўсёды гатовыя навучыць, падказаць. Таму супрацоўніцтва атрымліваецца плённым.

– Мы другі год узаемадзейнічаем з БРУ, прымаем на прадпрыемстве ўжо трэцюю змену, – адзначае Тамара Ратнікава. – Ёсць дамоўленасць з універсітэтам і на летні перыяд. Работа аплачваецца, мы за гэтым уважліва сочым. Таксама кожнаму студатрадаўцу на месяц выдаецца 50 рублёў, якія яны могуць выдаткаваць на харчаванне ў сталовай завода. А калі выпускнікі вырашаць звязаць свой працоўны шлях з «Магілёўтрансмашам» – падтрымаем.

Для тых, хто яшчэ не вызначыўся, дзе працаваць пасля ўніверсітэта, падказваем. Кожны месяц маладыя спецыялісты на «Магілёўтрансмашы» атрымліваюць дадаткова да заработнай платы 100 рублёў. Калі ж малады спецыяліст адпрацуе тэрмін і заключыць кантракт яшчэ на тры гады, яму выплацяць 3000 рублёў. Малады чалавек, які вярнуўся на завод пасля службы ў войску, пры заключэнні кантракту на максімальны тэрмін можа разлічваць на грашовую выплату ў памеры 5000 рублёў.

Са студатрадаўцамі мы правялі ўсяго паўтары гадзіны. Аднак за гэты час паспелі натхніцца шчырасцю і энергіяй маладосці. Пацвярджаем: «ГОСТ» працуе адказна і якасна. Калісьці такімі спецыялістамі будуць ганарыцца беларускія прадпрыемствы. А я дадам: дзе мае студэнцкія гады?

Алёна КУХАРАВА, фота аўтара

Последние новости

Общество

Прямая телефонная линия

22 декабря 2024
Читать новость
Спорт

Международный союз конькобежцев допустил белорусов до олимпийской квалификации

20 декабря 2024
Читать новость
Безопасность

ГАИ напоминает водителям и пассажирам о необходимости пристегиваться ремнями безопасности

20 декабря 2024
Читать новость
Новости компаний

В одном из крупных магазинов «Санта» в Могилеве пройдет беспроигрышная лотерея для покупателей

20 декабря 2024
Читать новость
Новости компаний

Могилевский государственный электротехнический колледж празднует 70-летие

20 декабря 2024
Читать новость
Общество

Под Новый год чудеса случаются!

20 декабря 2024
Читать новость