21 лютага ў сярэдняй школе № 5 прайшоў Дзень роднай мовы
Аблічча кожнай нацыі вызначае нацыянальная культура: разнастайная мастацкая творчасць, народныя рамёствы, традыцыі і звычаі, а ў першую чаргу – мова. Таму першы абавязак кожнага з нас – дасканала авалодаць роднай мовай – жыватворнай крыніцай нацыянальнай культуры.
“Беларуская мова – мелодыя сэрца” – менавіта пад такой назвай 21 лютага ў дзяржаўнай установе “Сярэдняя школа № 5 г. Магілёва” прайшоў Дзень роднай мовы.
Сёння ў свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна родная мова. Менавіта на гэтай мове ён размаўляе з роднымі, сябрамі, знаёмымі. Усе настаўнікі метадычнага аб’яднання і вучні прынялі актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў, прысвечаных Дню роднай мовы.
Вучні V-XI класаў у фае школы падрыхтавалі выставу газет “21 лютага – Дзень роднай мовы ”, мэта якой было паказаць, што беларуская мова не толькі жыве, але і натхняе на творчыя ініцыятывы.
Таксама вучні V-XI класаў праявілі свае веды ў інтэлектуальным конкурсе крыжаванак “Ад фанетыкі да сінтаксісу”. Самыя здольныя былі ўзнагароджаны падарункамі.
А для тых, хто адчувае ў сабе паэтычны дар, быў арганізаваны творчы конкурс “Родная мова – тое, што нас яднае”. Найлепшымі былі прызнаны вершы Філіпавай Яны “Сапраўдная гісторыя ”, Кашанкова Дзяніса “Славуты сын сваёй Радзімы ”, Выдрэнкі Вадзіма “Мой родны горад”.
У рамках свята вучні сёмага класа пад кіраўніцтвам класнага кіраўніка Ісаевай А.А. аформілі стэнд “Беларуская мова – мелодыя сэрца” і пашырылі свае веды пра багацце роднай мовы ў турніры знаўцаў роднай мовы “Таямніцы роднай мовы”.
Вучні VІ “А” класа пад кіраўніцтвам класнага кіраўніка Дзіваковай Т.М наведалі бібліятэку № 6 і выпрабоўвалі сілы ў конкурсе эрудытаў беларускай мовы “Такія знаёмыя назвы і словы, такая цудоўная родная мова”.
У нашым рознакаляровым і рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моў. Вывучаць іншыя мовы вельмі карысна, але галоўнае – добра ведаць і шанаваць сваю родную мову. Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі інтэрактыўнай гульні “Размаўляй па-беларуску”, якую падрыхтавала Буймістрава Г.В. Вучні шостых класаў упэўнена прайшлі праз выпрабаванні ўсіх этапаў гульні і праявілі не толькі кемлівасць, уважлівасць і знаходлівасць, але і спрабавалі разгадаць таямніцы значэння беларускіх слоў, растлумачыць асаблівасці ўжывання іх у жывым маўленні, чыталі на памяць вершы беларускіх паэтаў і спявалі песні.
Наседкіна М.В. сярод вучняў шостых і сёмых класаў правяла КВЗ “Квітней, роднай мова!”. Праведзенае мерапрыемства дало магчымасць яшчэ раз пераканацца, што мы жывём у цудоўнай і непаўторнай, багатай на гістарычныя падзеі краіне.
Дзевяцікласнікі, вучні Бараўцовай Святланы Анатольеўны, атрымалі магчымасць паказаць свае веды пры рашэнні ўльтраскладанага тэста па беларускай мове. У ім не было пытанняў, што такое «зэдлік», «панчохі» ці «патэльня». Усё было па-сур’ёзнаму. Найбольш цяжкімі з’яўляліся цытаты з твораў вядомых беларускіх пісьменнікаў з рэдка ўжывальнымі спрадвечнымі беларускімі словамі. Але складанасць заданняў не напужала ўдзельнікаў, і многія справіліся паспяхова.
Самыя таленавітыя і высокаматываваныя вучні V-VІІІ класаў прынялі ўдзел у школьным этапе гарадской алімпіяды па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”.
Спадзяёмся, што мерапрыемствы, якія мы прысвяцілі нашай любай беларускай мове, нікога не пакінулі раўнадушнымі. Упэўнены, што мы, настаўнікі, разам з нашымі вучнямі змаглі данесці да ўсіх тое асноўнае, што павінна жыць у сэрцы кожнага беларуса – трэба ганарыцца сваёй мовай, ведаць, любіць і шанаваць роднае слова.
Ісаева Алена Анатольеўна, кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа № 5 г.Магілёва”