Вайной апаленыя лёсы: кажуць, што дзеці нічога не памятаюць…

Першыя крокі зроблены за кратамі. Замест бабуліных калыханак перад сном – незразумелае страшнае гыргатанне фашысцкіх злачынцаў. Голад і неадступны страх. У вачах хлапчукоў і дзяўчат назаўсёды застыла не па ўзросце цяжкае гора. Іх дзяцінства азмрочана Вялікай Айчыннай вайною. “Веснік Магілёва” пачынае новы праект, у якім мы раскажам пра тых, хто ў невялікім узросце сутыкнуўся з фашысцкай навалаю, – апошніх захавальнікаў памяці пра падзеі васьмідзесяцігадовай даўнасці.
Галіна Іванаўна Рыбцова сёння ўзначальвае Магілёўскую абласную асацыяцыю малалетніх вязняў фашысцкай няволі. У кнізе яе жыцця ёсць старонкі паспяховай педагагічнай дзейнасці, шчаслівага сямейнага жыцця, грамадскай актыўнасці. Да любой справы яна падыходзіць грунтоўна, але з насцярожанасцю. Апошняя вось ужо 82 гады пераследуе яе як напамін пра жыццёвыя выпрабаванні, што выпалі на долю жанчыны ў дзіцячым узросце.
Перад вачамі толькі цемра
Бацька Галіны Іванаўны – ваенны лётчык Іван Уладзіміравіч Дзямідаў, баявыя заданні ён пачаў выконваць з першых дзён Вялікай Айчыннай. Аднак маленькая Галя да чатырох гадоў яго не ведала. Адзін з першых мірных успамінаў яе быў такім:
– Тата вярнуўся з вайны ў снежні 1945. Да таго часу я яго ніколі не бачыла, але адразу здагадалася, што гэта менавіта ён, і кінулася з крыкамі “Тата!”. Мой стрыечны дзядзька быў чымсьці падобны да таты знешне, але ў ім я бацьку не пазнавала.

Да вайны Дзямідавы жылі ў ваенным гарадку Бараўскі Смаленскай вобласці. Калі фашысцкія захопнікі напалі на Савецкі саюз для сямей ваеннаслужачых арганізавалі эвакуацыю. Але Іван Дзямідаў вырашыў, што яго жонцы Ксеніі, якая тады насіла пад сэрцам дзіця, трэба выпраўляцца ў іншы бок: у Беларусь. Там, у вёсцы паміж Дрыбінам і Горкамі, жылі яго бацькі і шматлікія родныя. А разам любую бяду лягчэй адольваць.
Іван не ведаў, што напрыканцы жніўня, калі Ксенія ў рэшце рэшт дабярэцца да Кледнявічаў, там ужо будуць уладарыць немцы. А напачатку верасня там жа на свет з’явіцца яго дачка Галя.
З аповедаў мамы Галіна Іванаўна ведае, што ўсіх працаздольных вяскоўцаў фашысты зганялі на работы. Не хацелі рабіць выключэнне і для Ксеніі, якая толькі нарадзіла. У пэўным сэнсе дапамагло тое, што бацька яе мужа яшчэ ў Першую сусветную быў у палоне, дзе крыху вывучыў нямецкую. Таму з адным з канваіраў удалося паразумецца і выклікаць у немца штосьці накшталт спачування: працаваць на ворага з гэтай хаты забіралі толькі малодшага сына гаспадароў шаснаццацігадовага Пятра (у рэшце рэшт, калі надарылася магчымасць, гарачы хлопец уцёк да партызанаў).
Са слоў родных Галіна ведае і пра тое, як перад вызваленнем вёскі савецкімі салдатамі, немцы пазбаўляліся ад сведкаў сваіх злачынстваў. Доўгія калоны беларусаў адарваных ад роднага дому ішлі на Захад, з кожнай вёскай прыбываючы людзьмі. Былі сярод іх і Ксенія з дачкой.
– Гналі нас да тых пор, пакуль не стамляліся немцы. Тых, хто адставаў ці падаў, тут жа забівалі. Людзі імкнуліся дапамагаць адно аднаму. Маме было вельмі цяжка, мяне двухгадовую яна несла на руках. Калі набліжаліся да Оршы, я захварэла на адзёр. У адной з вёсак, дзе спыняліся на начлег, людзі папрасілі, каб з нам з мамай канваіры дазволілі пераначаваць у хаце. Там мы пазнаёміліся з сямёй жанчыны, якую ў вёсцы звалі Сібірачкай, гэта былі вельмі добрыя і чулыя людзі. Раніцай жанчыны прасілі пакінуць нас у вёсцы, канваір не пагаджаўся, пакуль нявестка Сібірачкі не аддала яму свой залаты заручальны пярсцёнак.
Лёс неаднаразова дасылаў Дзямідавым жорсткія выпрабаванні і сваёй міласцю на пэўны час іх адкладваў. У Аршанскім раёне маці з дачкой затрымаліся яшчэ на некалькі месяцаў і з чарговай калонай, у якую сагналі і жыхароў гэтай вёскі, усё ж працягнулі свой пакутны шлях. У Оршы Ксенія і Галіна разам з Шурачкай, дачкой Сібірачкі, першы раз патрапілі ў канцлагер, для сямей партызанаў і савецкіх ваеннаслужачых. Першы раз маленькая Галя апынулася на нарах, прыкрытых саломай, а вакол – калючы дрот.

Страшную праўду адкрыў час
– Толькі кажуць, што дзеці нічога не памятаюць. Гэта няпраўда. Проста іншым разам не хочацца выцягваць гэта з глыбінь. А перада мной як жывыя паўстаюць карцінкі. Настолькі ўеўся негатыў, які быў з дня ў дзень, гадамі…
Адзін з малюнкаў, які Галіне Іванаўне паказвае памяць: Польшча, вялікая чыгуначная станцыя, калючы дрот пад напружаннем, вартавыя вежы і немцы з кулямётамі. Дзяцей і бацькоў разлучаюць. Вакол крыкі і плач. Галю мама, Шура і дзве стрыечныя бацькавы сястры Насця і Дуня, якія знайшліся па дарозе, хаваюць за сваімі спадніцамі…
Далей дзяцей і падлеткаў павялі ў адны дзверы вялікай пабудовы, а дарослых направілі ў іншыя. У вялікім пакоі з мармуровымі лавамі жанчынам загадалі зняць з сябе ўсё адзенне, нібыта перад паходам у баню. Галі мама загадала ціхенька сядзець у куточку. Афіцэр заўважыў дзяўчынку і яе аднялі, за спробу выратаваць дачку Ксенія атрымала прыкладам па галаве, страціла прытомнасць.
– З мамай я не так баялася, яна старалася мяне прыкрыць, загарадзіць ад таго, што адбывалася вакол. А без мамы я крычала не сваім голасам, пакуль мяне занеслі да дзяцей. Мама ніяк не магла ачуцца. Нашыя жанчыны засталіся вакол яе, а ўсіх іншых за гэты час завялі ў цёмны пакой з высокімі дзвярыма. Цёця Насця падгледзела адным вокам, што там за памяшканне: у ім не было падлогі.
Толькі цуд мог дапамагчы жанчынам. Яны рушылі шукаць людзей. А Ксенія кінулася бегаць па памяшканнях, ловячы крык дачкі, якая залівалася плачам. І паўсюль натыкалася на глухія дзверы. Раптам адчынілася маленькая шчылка і паляк прамовіў: “Кабетка, ходзь сюды. Бяры дзіця і ўцякай”.
З дапамогай вышэйшых сіл беларускія жанчыны зноў патрапілі на станцыю. І толькі праз гады зразумелі, што пабывалі ў Асвенцыме. З цёмнага пакоя без падлогі людзі, атручаныя газай, траплялі проста ў крэматорый. Больш за мільён адтуль не вярнулася.

Усе розныя: людзі і пачвары
– Мама амаль да чатырох год карміла мяне грудзьмі. Узгадвала, што ў такія моманты перад вачамі лёталі іскры. Сама была амаль без сіл, але свайму дзіцяці хацела дапамагчы, – узгадвае Галіна Іванаўна.
Пасля канцэнтрацыйнага лагера пэўны час беларускі хаваліся ў адным з вагонаў на станцыі, запоўненым рускамоўнымі людзьмі, якія карміліся з салдацкай кухні. Верагодна, гэта былі сем’і паліцаяў, што беглі за мяжу ад людскога суду. Уцекачоў яны сваімі прысмакамі не частавалі, але і не выдалі (рэшткі сумлення?).
З чарговага лагера – працоўнага, беларускую сям’ю: Ксенію, Насцю, Дуню, Шуру і маленькую Галю, выкупіў нямецкі генерал-памешчык. Ён валодаў вялікай гаспадаркай, якую трэба было абслугоўваць. Але да людзей ён ставіўся па-людску: даваў прытулак у жытле для персаналу, выпісваў прадукты і нават паклапаціўся пра малако і печыва для Галі. Не ў прыклад баўэру-суседу, які купіў рускіх дзяўчат, каб абслугоўвалі свінаферму. Спалі працаўніцы на саломе побач з жывёлай, а харчаваліся, тым што недаелі свінні. Любыя спробы схапіць свінную мешаніну адразу з вядра караліся біццём.
Боль прытупляецца, але не сціхае
Ужо восемдзесят год як сціхлі апошнія выбухі той неверагодна жорсткай вайны. Дзямідавы і сотні тысяч, мільёны савецкіх грамадзян вярнуліся дамоў. Але ці можна пераступіць праз перажытае, забыцца і напоўніцу насалоджвацца жыццём? Вядома, не.

Галіна Іванаўна ўжо даўно вырасла, выйшла замуж, выгадавала трох сыноў, дачакалася ўнукаў і праўнукаў, рэалізавалася ў прафесіі як настаўніца хіміі і біялогіі, але і сёння яе памяць бударажыць душу, заводзіць сэрца, зацягвае вочы слязьмі.
– Усё жыццё я не магла наесціся цукеркамі. Вельмі доўга не ўмела ўсміхацца, не ведала дзіцячай бесклапотнасці, была маленькай бабуляй. А ў юнацтве на фоне перажытага стрэсу захварэла на сухотны менінгіт, месяц прабыла ў коме і толькі цудам урачам з дапамогай новага лякарства ўдалося мяне выцягнуць.
Вайна не праходзіць бясследна, у кожнай свай ахвяры яна пакідае знак, адбітак у напамін пра тое, што нельга паўтарыць.
Пра самае важнае
Ваш самы яркі дзіцячы ўспамін?
– Памятаю толькі страхі: голад, холад… Толькі гэта.
Якое рашэнне ў жыцці для вас было самым важным?
– Стаць педагогам. Пра гэта марыла з пяці год. Лёс мяне вадзіў у розныя бакі, але ў выніку ўсё роўна прывёў да мары.
Ваш самы шчаслівы дзень?
– Дні, калі нарадзіліся мае сыны. І дні, калі я сустракаюся са сваімі пасталелымі вучнямі.
Які наказ вы дасце моладзі?
– Не забывайцеся сваю гісторыю. Дзяцей не трэба абараняць ад страшнага, берагчы ад праўды. Забудзем гісторыю – спынімся або зайдзем у такія нетры, з якіх выбрацца будзе немагчыма.
Алёна Кухарава