Темы

Даступнае асяроддзе і сацыялізацыя – не проста высокія словы

Даступнае асяроддзе і сацыялізацыя – не проста высокія словы

Жыццёвы арыенцір ад «Тыфласа»
УП «Тыфлас» больш за 90 год дапамагае людзям з інваліднасцю адчуваць сябе роўнымі сярод роўных, на рабоце і ў штодзённым жыцці. Традыцыйна ў асартыменце прадукцыі прадпрыемства – скабяныя вырабы, мэблевая фурнітура, тактыльныя элементы, шлангі і іншыя тавары гаспадарчага прызначэння. А нядаўна тут наладзілі вытворчасць унікальнага, запатрабаванага і вельмі важнага прадукту – маўленчых гукавых інфарматараў, своеасаблівых маякоў, якія дапамагаюць людзям з парушэннямі зроку арыентавацца ў горадзе.

Даступна і зручна
Прадпрыемства «Тыфлас» займае асобае месца ў прамысловасці горада. Тут працуюць людзі з інваліднасцю. А таксама гэта адзіная вытворчасць у Магілёве, дзе вырабляюць элементы для стварэння даступнага асяроддзя.

Дырэктар прадпрыемства Аляксандр Бажкоў адзначае: людзі, якія самі сутыкнуліся ў жыцці з парушэннямі здароўя, як ніхто ведаюць важнасць і значнасць камфорту і бяспекі.

– Наша прадпрыемства УП «Тыфлас» Беларускага таварыства інвалідаў па зроку – вытворчае прадпрыемства, на якім больш за 60% супрацоўнікаў маюць інваліднасць. Нядаўна ў нас з’явіўся новы накірунак, які мы паспяхова асвоілі, у тым ліку таму, што ён вельмі блізкі нашаму прадпрыемству, – гэта даступнае асяроддзе: тактыльныя элементы, парэнчы. Пералік пастаянна ўдасканальваецца, у тым ліку па пажаданнях людзей.

У нас існуюць асобныя брыгады, якія займаюцца распрацоўкай і ўкараненнем даступнасці грамадскіх аб’ектаў для людзей з інваліднасцю. Да нас звяртаюцца заказчыкі, і мы цалкам, ад першага да апошняга этапа, рэалізуем увесь комплекс работ па забеспячэнні даступнага асяроддзя.
Прадпрыемства не спыняецца на адным асартыменце прадукцыі. Вялікі пералік таго, што могуць вырабляць людзі з парушэннямі здароўя, паспяхова засвойваецца і ўкараняецца ў вытворчасць.
За апошні год на «Тыфласе» пачалі вырабляць гукавыя маўленчыя інфарматары. Раней ва ўжыванні былі падобныя прылады вытворчасці іншага прыватнага прадпрыемства, якое цяпер перажывае не лепшыя часы. Таму важным было забяспечыць стабільны выпуск, што і даручылі магілёўскім спецыялістам.

– У лістападзе мінулага года старшыня таварыства Алег Аляксандравіч Шэпель паставіў задачу спраектаваць і наладзіць выпуск сваіх маўленчых гукавых інфарматараў. Мы распрацавалі спецыяльны дадатак для тэлефона і сам інфарматар. І цяпер менавіта нашы прылады размяшчаюцца на разнастайных грамадскіх будынках, установах і арганізацыях па ўсёй краіне, – удакладняе Аляксандр Бажкоў.

Такая распрацоўка надзвычай актуальная сёння для тых, хто мае парушэнні зроку. Пры дапамозе мабільнага тэлефона і спецыяльнага дадатку «Тыфлас» чалавек можа на слых атрымаць звесткі пра тое, дзе знаходзіцца інфарматар, як да яго дайсці, на якім менавіта будынку ён усталяваны. Сёння прылада карыстаецца попытам, інфарматары ад «Тыфласа» ўсталёўваюцца на паліклініках, бальніцах, судах, школах і дзіцячых садках, іншых аб’ектах сацыяльнай інфраструктуры. Толькі за апошні час прылады адправіліся ў Круглае, Крычаў, Оршу, Бабруйск.

Роўныя сярод роўных
Аляксей Ячэін на «Тыфласе» працуе інжынерам вытворча-тэхнічнага аддзела. У 1998 годзе пасля заканчэння Шклоўскай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку васямнаццацігадовага юнака накіравалі на работу слесарам механазборачных работ на ўнікальнае магілёўскае прадпрыемства. За яго плячыма – атрыманая завочна вышэйшая адукацыя і доўгі і цікавы працоўны шлях. Сёння Аляксей Ячэін таксама ўзначальвае Магілёўскае абласное грамадскае аб’яднанне «Беларускае таварыства інвалідаў». Пра праблемы людзей з інваліднасцю ён ведае не па чутках. Таму можа даць аб’ектыўную ацэнку дзейнасці прадпрыемства.

– Тое, што мы робім, для людзей з абмежаванымі магчымасцямі – вялікая падтрымка, каб яны маглі адчуваць сябе камфортна ў грамадскім асяроддзі, на вуліцах, у пабудовах.

Уся наша дзейнасць адбываецца ў рамках рэспубліканскай праграмы «Даступнае асяроддзе» на 2020-2025 гг., цяпер яе працягнулі і да 2030 г. Дзяржава надае вялікую ўвагу праблемам людзей з інваліднасцю, у тым ліку і фінансаванне работы нашага прадпрыемства таксама часткова адбываецца за сродкі бюджэту, – падкрэсліў Аляксей Юр’евіч.

Удзел у выпрабаванні і тэсціраванні маўленчых гукавых інфарматараў прымае Канстанцін Перадня. Жыццё маладога мужчыны складвалася па-рознаму. Калі зрок яшчэ дазваляў, ён скончыў каледж і ўніверсітэт, працаваў у сферы гандлю. У 2021 годзе ён даведаўся пра магілёўскае прадпрыемства і пераехаў ў абласную сталіцу з Клімавіч. Цяпер трэці год Канстанцін працуе слесарам механазборачных работ. Але гэта не адзіная прафесія, якую мужчына засвоіў на «Тыфласе». Наш герой увесь час вывучае новае, актыўна займаецца спортам. А менавіта такімі рэдкімі відамі, як галбол і шаўдаўн, адаптаванымі для людзей з парушэннямі зроку.

Мара, якая стала рэальнасцю
Каля года таму «Веснік» таксама быў госцем прадпрыемства. Тады мы пазнаёмілі чытачоў з Таццянай Грышковай – ветлівай дзяўчынай, якая ўзяла на сябе абавязкі слесара механазборачных работ. Нягледзячы на парушэнні зроку, яе чулым рукам былі падуладныя любыя аперацыі.
Дзяўчына распавядала, што яе галоўнай марай з дзяцінства было стварэнне сям’і. Даведаўшыся, што журналісты нашага выдання зноў наведалі «Тыфлас», Таццяна звязалася з рэдакцыяй і падзялілася дарагой яе сэрцу інфармацыяй: у 2023 годзе яна выйшла замуж і стала мамай.

– Прыемна ўсведамляць, што агучаная на вялікую аўдыторыю мара стала рэальнасцю, – дзеліцца суразмоўніца. – Я родам з Бялыніцкага раёна. А паколькі з нараджэння дрэнна бачу, то яшчэ даўно даведалася, што ў Магілёве ёсць прадпрыемства, на якім працуюць людзі са слабым зрокам і сляпыя. Адвучыўшыся 11 класаў у агульнаадукацыйнай школе, некаторы час правяла дома. Ад аднастайнасці стала стамляцца, вырашыла – трэба рухацца наперад. Знайшла ў інтэрнэце адрас прадпрыемства і прыехала сюды.

Расла дзяўчына ў поўнай сям’і, акружаная клопатам маці, бацькі і сястры
– Безумоўна, мама моцна перажывала за мяне. Бо гэта маё першае працоўнае месца. Аднак, калі ўбачыла, што я не гатовая адступіць ад намераў, змірылася з маім выбарам, – адзначае Таццяна. – Я і сама хвалявалася. Але добры калектыў дапамог мне хутка асвоіцца на працоўным месцы. Цяпер я знаходжуся ў дэкрэтным адпачынку, пры гэтым падтрымліваю сувязь з калегамі. Многія з іх, як і я, жывуць у Магілёўскім доме ветэранаў. Прыемна праводзіць шмат часу з сям’ёй, але я ўжо сумую па любімай працы.

Унітарнае прадпраемства «Тыфлас» – не проста працоўнае месца для людзей з інваліднасцю. Гэта крок у грамадскае жыццё, адаптацыя і сацыялізацыя. На прадпрыемстве гэта дакладна ўсведамляюць. Таму імкнуцца ўсебакова падтрымліваць сваіх супрацоўнікаў. Тут шчыра ганарацца тым, якія па-сапраўднаму ўнікальныя людзі працуюць на «Тыфласе» і якую значную і патрэбную прадукцыю яны вырабляюць.

*Алёна Кухарава, Ганна Сташкевіч

Последние новости

Общество

Прямая телефонная линия

22 декабря 2024
Читать новость
Спорт

Международный союз конькобежцев допустил белорусов до олимпийской квалификации

20 декабря 2024
Читать новость
Безопасность

ГАИ напоминает водителям и пассажирам о необходимости пристегиваться ремнями безопасности

20 декабря 2024
Читать новость
Новости компаний

В одном из крупных магазинов «Санта» в Могилеве пройдет беспроигрышная лотерея для покупателей

20 декабря 2024
Читать новость
Новости компаний

Могилевский государственный электротехнический колледж празднует 70-летие

20 декабря 2024
Читать новость
Общество

Под Новый год чудеса случаются!

20 декабря 2024
Читать новость